Беларуска знайшла танную ікру і краба — закупілася на 200 рублёў, але гэта была памылка

Адзін прадавец прапаноўваў у Instagram танную ікру. Таццяна гэта ўбачыла і перавяла яму на карту 192 рублі — столькі прасілі за паўкілаграма чырвонай ікры і яшчэ паўкілаграма краба, піша Onliner.by.

09.01.2025 / 09:33

Ілюстрацыйнае фота: Getty Images

— У Беларусі з’явіліся «прадаўцы паветра». Сваячка «купіла» ікру і краба. Нічога, вядома, не даслалі, а потым яшчэ і фішынгавую спасылку на «вяртанне сродкаў» адправілі. Добра, што не сталі ўводзіць даныя карты, — напісала ў рэдакцыю чытачка.

Акаўнт seafood.by пачалі актыўна напаўняць з 29 снежня мінулага года, і за тыдзень там набралася больш за 24 тысячы падпісчыкаў.

Перапіска з прадаўцом вялася праз Telegram, а нізкія цэны ён тлумачыў «зніжкамі». Таццяна перавяла грошы, але праз два дні ёй сказалі, што дастаўкі не будзе. Стала зразумела, што грошы вярнуць не атрымаецца.

— Добры навагодні настрой расслабіў і падштурхнуў да гэтай пакупкі, — рэзюмуе чытачка.

Зараз гэты акаўнт на паведамленні не адказвае.

Як купіць тавар праз Instagram і не згубіць грошы

Калі прадавец просіць пераслаць аплату на асабістую банкаўскую карту, то ў вас няма ніякіх гарантый атрымання тавару. Па законе ў Беларусі прасіць пералічваць грошы на асабістую карту могуць толькі рамеснікі.

Вы маеце справу з інтэрнэт-крамай, якая працуе ў Беларусі афіцыйна, калі ў яе ёсць асобны сайт, дзе ўказаныя звесткі пра яе рэгістрацыю, а сам сайт унесены ў гандлёвы рэестр. Махлярам нескладана зрабіць аднатыпны сайт і ўказаць там прыдуманыя даныя ІП, але ў гандлёвы рэестр проста так не трапіш.

Nashaniva.com