Папа Францішак упершыню прызначыў жанчыну кіраўніком буйнога ватыканскага ведамства
Папа Францішак упершыню ў гісторыі прызначыў жанчыну прэфектам буйнога ватыканскага ведамства. Італьянская манахіня Сімона Брамбіла ўзначаліла дэпартамент, які займаецца рэлігійнымі ордэнамі Каталіцкага Касцёла, піша «Голас Амерыкі».
08.01.2025 / 15:58
Ілюстрацыйнае фота Georgia Borgia / AP
Гэта прызначэнне стала важным крокам у імкненні Францішка даць жанчынам больш кіраўнічых роляў у кіраванні Касцёлам. Хоць жанчыны ўжо займалі пасады намеснікаў кіраўнікоў у некаторых ватыканскіх структурах, упершыню ў гісторыі жанчына стала прэфектам дыкастэрыі (ведамства) Рымскай курыі — цэнтральнага кіруючага органа Каталіцкага Касцёла.
Дыкастэрыя па справах інстытутаў прысвечанага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця — адно з ключавых ведамстваў Ватыкана. Яно адказвае за дзейнасць рэлігійных ордэнаў, такіх як езуіты, францішканцы і сёстры міласэрнасці, а таксама невялікіх новых рухаў.
Брамбіла будзе курыраваць каля 600 тысяч манахінь і 129 тысяч святароў, якія ўваходзяць у рэлігійныя ордэны.
Адной з галоўных задач новага прэфекта стане пераадоленне тэндэнцыі да скарачэння колькасці манахінь ва ўсім свеце. Паводле даных Ватыкана, іх колькасць зменшылася з 750 тысяч у 2010 годзе да 600 тысяч у 2024 годзе.
Хоць Брамбіла стала першай жанчынай на гэтым пасту, Францішак адначасова прызначыў кардынала Анхэля Фернандэса Арцімэ яе сукіраўніком або «прапрэфектам». Мяркуецца, што такое рашэнне звязана з тым, што кіраўнік дыкастэрыі павінен мець магчымасць служыць імшу і здзяйсняць сакраманты, што могуць рабіць толькі мужчыны.
На думку экспертаў, гэта кампрамісны крок, які адлюстроўвае жаданне Папы рухацца да больш шырокага ўключэння жанчын у кіраванне Касцёлам, але ў рамках існуючых кананічных абмежаванняў.
59-гадовая Брамбіла займала пасаду намесніка кіраўніка дэпартамента рэлігійных ордэнаў з 2023 года.
Яе прызначэнне стала магчымым дзякуючы рэформе 2022 года, ініцыяванай Францішкам, якая дазволіла свецкім асобам, у тым ліку жанчынам, узначальваць дыкастэрыі Рымскай курыі і станавіцца прэфектамі.
Хоць Францішак захоўвае забарону на пасвячэнне жанчын у святары, ён працягвае паказваць, што жанчыны могуць займаць кіраўнічыя пасады ў касцёльнай іерархіі. Тым не менш многія каталічкі па-ранейшаму выказваюць незадаволенасць абмежаваннямі, якія пакідаюць святарства выключна за мужчынамі.