З аўкцыёну прадаюць частку вядомага будаўнічага рынку ва Уруччы

На аўкцыённай пляцоўцы Інстытута нерухомасці і ацэнкі GosTorg з’явілася аб’ява аб продажы з малатка часткі вядомага будаўнічага рынку ў мікрараёне Уручча ў Мінску. Прадаўцом выступае ТАА «ААБ Лізінг», піша Blizko.by

08.01.2025 / 15:47

У склад лота ўваходзяць чатыры адна– і двухпавярховыя будынкі, пабудаваныя ў 1968—1971 гадах. Іх агульная плошча складае 2624 квадратныя метры.

Плошча зямельнага ўчастка — 7,7 гектара, тэрмін яго арэнды прапісаны з 6 снежня 2024 года па 31 жніўня 2123 года (амаль 100 гадоў).

Пачатковы кошт лота складае 3.057.600 рублёў, крок аўкцыёну — 5%. Акрамя таго, пераможца таргоў павінен будзе аплаціць арганізатару аўкцыёну ўзнагароджанне ў памеры 0,9% ад цаны продажу лота.

Такім чынам, пераможца павінен будзе выкласці за будынкі мінімум 3.239.374 рублі, або 926.727 даляраў па актуальным курсе Нацбанка.

Аўкцыён адбудзецца 17 студзеня 2025 года ў 11:15.

Nashaniva.com