Мытны камітэт: Польскі бок афармляе ў гадзіну адзін-два аўтобусы

Сітуацыя з легкавымі транспартнымі сродкамі складаная — чаканне выезду ў Польшчу цягнецца па некалькі сутак. За апошнія 24 гадзіны ў Польшчу прайшлі толькі 30% легкавых аўтамабіляў ад магчымых 1,7 тысяч, паведамляе беларускі Мытны камітэт.

08.01.2025 / 12:12

Пры магчымасцях прыняць 175 аўтобусаў, якія выязджаюць з Беларусі, за апошнія суткі польскі бок аформіў толькі 40%. На дадзены момант у чарзе знаходзіцца 46 такіх транспартных сродкаў. У сярэднім у гадзіну сумежны бок прымае 1-2 аўтобусы.

Зараз, па стане на 12:00, чарга на выезд з Беларусі дасягае 2335 легкавых аўто і 46 аўтобусаў

«Беларускі бок прымае ўсе меры па размяшчэнні транспартных сродкаў, якія чакаюць выезду, на тэрыторыі пункта пропуску. У кіроўцаў легкавых аўто ёсць магчымасць зарэгістравацца ў электроннай чарзе і пасля прыбыць на мытную мяжу да патрэбнага часу, — пракаментавалі ў мытным камітэце. — Рэйсавыя аўтобусы, якія чакаюць выезду ў жывой чарзе, размяркоўваюцца па стаяначных месцах пункта пропуску, у тым ліку для таго, каб стварыць магчымасць для манеўраў легкавых аўтамабіляў».

Тым хто плануе выезд у Польшчу праз пункт пропуску «Брэст» рэкамендуецца быць гатовымі да складаных абставін перасячэння мяжы і выконваць усе меры бяспекі перад уездам у пункт пропуску.

Nashaniva.com