Гарадзенец падпаліў дзверы суседа з-за яго пастаянных п'янак

У ноч на мінулую пятніцу 54-гадовы мужчына з жонкай выпівалі ў сваёй кватэры. Усё гэта суправаджалася шумам, на што звярнуў увагу 54-гадовы жыхар знізу, які таксама выпіваў, але ў адзіноце.

08.01.2025 / 11:49

У нейкі момант мужчыну надакучылі гукі зверху, ён накіраваўся да дзвярэй суседзяў і без лішніх слоў запальнічкай падпаліў іх, паведамляе Newgrodno.by.

Дзверы згарэлі цалкам, людзі, на шчасце, не пацярпелі. Пацярпелыя звярнуліся ў міліцыю, супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі асобу зламысніка.

Варта адзначыць, што раней падазраваны рабіў заўвагі, але сітуацыя не змянялася. Гэтым разам мужчына пайшоў на крайнія меры. За наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае грамадска небяспечным спосабам, распачата крымінальная справа.

Nashaniva.com