Лукашэнкаўцы ўпершыню за доўгі час паказалі Віктара Бабарыку
Віктар Бабарыка з’явіўся на кароткім відэа, запісаным у пакоі Наваполацкай калоніі. Відэа і фота з ім апублікаваныя ў канале Рамана Пратасевіча.
08.01.2025 / 11:06
Бабарыка схуднелы, але жывы. Кантакту з ім не было амаль два гады.
Ён «у добрым гуморы і не згубіў навыкаў красамоўнасці», — расказвае Пратасевіч.
Пратасевіч кажа, што перадаў Віктару Бабарыку «вестачкі ад яго родных», а таксама яго словы ім. Магчыма, Пратасевіч мае на ўвазе відэазварот, частку якога паказалі на відэа.
«Хачу, каб яна вырасла вялікай выдатнай дзяўчынкай, падобнай да цябе. А я ўпэўнены, што насамрэч у яе ўнікальная магчымасць у гэтых адносінах, гэта праўда. І я спадзяюся, што ўсе святы, якія будуць, у тым ліку і дзень нараджэння бацькі вы сустрэнеце дружна і перадасце ад мяне ўсім мае найлепшыя віншаванні і вітанні. Я вас усіх вельмі люблю. Усяго найлепшага», — кажа на кароткім відэа Бабарыка, звяртаючыся бадай да дачкі і ўнучкі.
Віктар Бабарыка, які ў маі 2020 года заявіў пра намер балатавацца, знаходзіцца за кратамі з 18 чэрвеня 2020 года, калі быў арыштаваны разам з сынам Эдуардам.
Праз год, у ліпені 2021 года, ён быў асуджаны на 14 гадоў.
Каманда зверху зрабіць рэжым утрымання максімальна строгім прыйшла адносна Бабарыкі прыкладна ў лютым 2023 года. Да яго перасталі пускаць адваката.
25 красавіка 2023 года Віктара Бабарыку з калоніі павезлі ў шпіталь. Паводле інфармацыі, перададзенай журналістам працаўнікамі больніцы, 27 красавіка палітык быў у хірургічным аддзяленні ў стане сярэдняй цяжкасці. Пазней праваабаронцам стала вядома, што Бабарыку перавялі ў турэмны шпіталь пры СІЗА № 1 у Мінску. Пазней Віктара Бабарыку вярнулі ў калонію.
Паводле сведчання былога палітвязня, вясну і лета 2023 года Бабарыка правёў у калоніі ў ПКТ, у поўнай ізаляцыі ад іншых вязняў. След Віктара Бабарыкі згубіўся ў лістападзе 2023-га, калі яго бачылі ў калідоры ПКТ.