Ільхам Аліеў назваў Арменію фашысцкай дзяржавай і заклікаў «знішчыць фашызм»

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў 7 студзеня ў інтэрв'ю мясцовым тэлеканалам карыстаўся вельмі рэзкай рыторыкай у дачыненні да суседняй Арменіі. 

07.01.2025 / 21:59

Ільхам Аліеў (злева) з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Фота: Sean Gallup/Getty Images

Аліеў адзначыў, што Арменія, маўляў, з'яўляецца крыніцай пагрозы для рэгіёну і што незалежная армянская дзяржава па сутнасці нібыта фашысцкая.

Гэтай краінай, як сцвярджае Аліеў, на працягу амаль 30 гадоў кіравалі носьбіты фашысцкай ідэалогіі, якія сфармавалі гэтую краіну па сваім падабенстве. А таму, на ягоную думку,

«фашызм павінен быць знішчаны. Яго знішчыць альбо кіраўніцтва Арменіі, альбо мы. Іншага выйсця ў нас няма».

Аліеў таксама заявіў, што Арменія не павінна «быць геаграфічнай перашкодай» паміж Турцыяй і Азербайджанам, зноў прыгразіўшы адкрыццём так званага «Зангезурскага калідора» на поўдні Арменіі, каб злучыць асноўную тэрыторыю Азербайджана з Нахічэванскім анклавам і Турцыяй.

Гэтыя выказванні рабіліся Аліевым у святле праблемы заключэння паміж дзвюма дзяржавамі мірнай дамовы. Прэзідэнт Азербайджана падкрэсліў, што яго заключэнне застаецца пад пытаннем.

«Калі мірная дамова не патрэбная Ерэвану, то і Баку можа абысціся без яе», — заявіў Ільхам Аліеў.

Ерэван і Баку пачалі абмеркаванне будучай мірнай дамовы ў 2022 годзе. У Празе 6 кастрычніка 2022 года быў падпісаны дакумент, згодна з якім Арменія і Азербайджан пацвердзілі сваю прыхільнасць Статуту ААН і Алма-Ацінскай дэкларацыі 1991 года. У гэтых дакументах бакі прызнаюць тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт адзін аднаго.

Гэты дакумент стаў асновай для працы камісій па дэлімітацыі. У 2024 годзе Арменія неаднаразова прапаноўвала падпісаць 13 узгодненых пунктаў праекта мірнай дамовы, пакінуўшы нявырашаныя пытанні для далейшых абмеркаванняў. Аднак Азербайджан адхіліў гэтую прапанову.

Цяпер бакі працягваюць працу над 11-м пакетам прапаноў. Апошняя (дзясятая) сустрэча камісій па дэлімітацыі мяжы адбылася ў лістападзе 2024 года. 

Нікол Пашынян заявіў пра гатоўнасць неадкладна падпісаць мірную дамову з Азербайджанам

Арменія не збіраецца вяртаць пасла ў Мінск

Аліеў зноў рэзка прайшоўся па Расіі за збіты самалёт: Мы патрабуем чалавечых паводзін

«Першыя тры дні мы не чулі ад Расіі нічога, акрамя вар'яцкіх версій». Аліеў патрабуе ад Расіі выбачэнняў і прызнання віны

Nashaniva.com