Украінскія вайскоўцы зноў нанеслі ўдар па камандным пункце расійскай арміі на Куршчыне

Генштаб УСУ заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы 7 студзеня нанеслі «высокадакладны ўдар» па камандным пункце 810-й асобнай брыгады марской пяхоты Узброеных сіл Расіі ў раёне населенага пункта Белая на Куршчыне. Дэталяў удару пакуль не прыводзіцца, піша Украінская служба «Радыё Свабода».

07.01.2025 / 18:29

Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP

«Гэты ўдар і шэраг нядаўніх аперацый супраць расійскіх фармаванняў у Курскай вобласці былі ўзгодненыя з украінскімі Сухапутнымі войскамі, якія цяпер пачынаюць новыя наступальныя дзеянні супраць расійскіх Узброеных сіл», — гаворыцца ў паведамленні ўкраінскага Генштаба.

Раней прэс-сакратар Нацыянальнай гвардыі Украіны Руслан Музычук заявіў у эфіры нацыянальнага тэлемарафона, што Расія нібыта вымушаная перакідаць у Курскую вобласць свае падраздзяленні з іншых кірункаў.

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны ў сваёй справаздачы, апублікаванай 6 студзеня, заявіў, што ўкраінскія сілы дасягнулі тактычных поспехаў падчас наступальных аперацый у Курскай вобласці, якія пачаліся 5 студзеня.

Дзяржсакратар ЗША ацаніў значэнне прасоўвання ўкраінцаў у Курскай вобласці

Падчас украінскага ўдару па расійскім камандным пункце ў Курскай вобласці загінулі 8 афіцэраў

Украіна пачала новы наступ у некаторых раёнах Курскай вобласці

Nashaniva.com