Ва Украіне абралі слова 2024 года. Яно звязанае з прымусовай мабілізацыяй
Слоўнік украінскай сучаснай мовы «Мислово» абраў «бусіфікацыю» словам 2024 года.
07.01.2025 / 14:49
Фота golos.ua.
Гэта неалагізм, які азначае прымусовую мабілізацыю па паскоранай працэдуры, піша «УП. Життя». Яна адбываецца, калі работнікі тэрытарыяльных цэнтраў камплектавання (ТЦК — аналагі беларускіх ваенкаматаў) літаральна палююць на мужчын і запіхваюць іх у свае мікрааўтобусы (бусікі).
Тэрмін «бусіфікацыя», згодна з аўтарамі «Мислово», указвае на праблемы з мабілізацыяй, калі колькасць важнейшая за якасць, а правы чалавека разам са здаровым сэнсам адыходзяць на другі план.
Сярод іншых намінантаў на слова года былі наступныя: СЗЧ (СПЧ — самавольнае пакіданне часці), Курская аперацыя, стома, перамовы, МСЕК (МСЭК — медыка-сацыяльная экспертная камісія), папулізм, дрон Магура, квадроберы, лахалезія (выкарыстанне лаянкі для зняцця болю ці стрэсу).
«Мислово» абралі слова года ўжо ў 12-ы раз. Падчас выбару ўлічваюць яго папулярнасць і сацыяльную значнасць.