У Літве працягвае скарачацца колькасць беларусаў. Як за год змяніліся лічбы

Пасля 2020 года беларусы пачалі актыўна з'язджаць з краіны. Другой па папулярнасці пасля Польшчы стала Літва, але за 2024 год колькасць грамадзян Беларусі там заўважна скарацілася.

07.01.2025 / 12:35

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Максімальна літоўскі дазвол на жыхарства (любых тыпаў) мелі 62 844 грамадзяніна Беларусі. Так было па стане на 1 красавіка 2024 года. Да таго часу лічба беларусаў у Літве з дзейнымі ДНЖ расла (для параўнання — 1 студзеня 2021 года ДНЖ у Літве мелі 23 440 беларусаў). Але пазней тэндэнцыя змянілася.

Згодна з апошнімі афіцыйнымі звесткамі, па стане на 1 студзеня 2025 года, у Літве засталося 57 511 беларусаў з дзейнымі ДНЖ (любых тыпаў). Гэта мінус 5 333 чалавекі ад піку ў красавіку 2024 года або мінус 4656 беларусаў з ДНЖ у параўнанні з пачаткам мінулага года.

Фота: скрыншот з lrv.lt

А што з іншымі замежнікамі ў Літве?

Агулам у Літве маюць ДНЖ 217 988 замежнікаў. За год лічба скарацілася амаль на 4 тысячы чалавек. Беларусы ў спісе займаюць другое месца, саступаючы толькі грамадзянам Украіны. Па стане на 1 студзеня ў Літве налічваецца 77 080 украінцаў з дзейнымі ДНЖ. Іх колькасць за год таксама скарацілася (мінус 9 273 чалавекі).

На трэцім месцы ідуць грамадзяне РФ — 14 978 чалавек. Год таму было 15 888. Адметна, што грамадзяне Расіі займаюць першае месца па колькасці трымальнікаў ПМЖ у Літве — 8490, што больш за палову ад агульнай колькасці расіян у Літве. Гэта азначае, што большасць расіян, якія жывуць у Літве, прыехалі туды яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Nashaniva.com