«Шампунь-гейт». На спаборніцтвах па скачках на лыжах з трампліна здарыўся сэксісцкі скандал

Пераможца ў жаночай кваліфікацыі атрымала гель для душа, шампунь і чатыры ручнікі. Мужчына за перамогу атрымаў больш за тры тысячы еўра.

07.01.2025 / 10:03

Селіна Фрайтаг. Photo by Dominik Berchtold/VOIGT/Getty Images

Чэмпіёнка свету Селіна Фрайтаг перамагла ў кваліфікацыі Кубка свету па скачках на лыжах з трампліна ў нямецкім Гарміш-Партэнкірхене. У падарунак яна атрымала сумку з гелем для душа, шампунем і чатырма ручнікамі. 

Фрайтаг паскардзілася, што пераможца мужчынскай кваліфікацыі атрымаў больш за 3000 еўра. «Я не хачу шмат скардзіцца, але вы выразна бачыце адрозненні», — заявіла Фрайтаг журналістам, якія хутка назвалі скандал «шампунь-гейтам» і параўналі яго з выпадкам у 1989 годзе. Тады жаночай зборнай ФРГ за перамогу на чэмпіянаце Еўропы падарылі кававы сервіз.

У Міжнароднай федэрацыі лыжных відаў спорту і сноўборда заявілі, што ведаюць пра няроўнасць і хочуць яе пазбавіцца.

Nashaniva.com