У Саудаўскай Аравіі і Ірака жанчын-паслоў больш, чым у Беларусі
У міжнародным рэйтынгу Беларусь аказалася сярод аўтсайдараў.
06.01.2025 / 18:10
Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў. Фота: Russian Foreign Ministry Anadolu via Getty Images
На Індэкс жанчын у дыпламатыі за 2024 год звярнуў увагу блогер і заснавальнік праекта «Беларускі Гаюн» Антон Матолька.
Гэты індэкс паказвае працэнт жанчын-паслоў і пастаянных прадстаўнікоў пры ААН па ўсім свеце. Агулам у свеце жанчыны складалі толькі 21% паслоў і пастаянных прадстаўнікоў, і іх доля расце вельмі павольна, адзначаюць у дакладзе.
Найбольшая доля жанчын-паслоў была ў Канады (53%), Швецыі (51%), Фінляндыі (50%), Коста-Рыка (48%) і Новай Зеландыі (47,5%).
Беларусь у рэйтынгу аказалася сярод аўтсайдараў — 0%. Нас абагналі нават такія краіны, як Судан і ААЭ (11,5%), Саудаўская Аравія (4%), Ірак і Афганістан (па 3%), Азербайджан (2%).
Паслоў-жанчын у Беларусі няма. Пастаянны прадстаўнік пры ААН — Валянцін Рыбакоў. Хіба што пры аддзяленні ААН у Жэневе пастаяннай прадстаўніцай Ларыса Бельская.
У Расіі таксама мізэрны працэнт — 0,75%. У іншых нашых суседзяў паказчыкі такія: Украіна — 21,5%, Літва — 31%, Эстонія — 38%, Латвія — 43%.