Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю расказаў, што зменяць у кантролі цэн

Нядаўна Лукашэнка анансаваў, што замест рыначнага і дзяржаўнага цэнаўтварэння будзе ўводзіць новае — справядлівае. Ужо распрацавалі тры варыянты, як змяніць механізм рэгулявання цэн.

06.01.2025 / 16:24

Пра гэта заявіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў у эфіры СТБ. Сістэму плануюць абнавіць у 2025-м, але дэталяў пакуль няма.

Вядома толькі, што збіраюцца ўвесці аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму аналізу цэн.

«Яна дазволіць у рэжыме анлайн практычна ў моманце бачыць любыя змены цэн і кантраляваць іх. Бо сёння мы атрымліваем інфармацыю аб цэнах постфактум практычна. Або прыйшлі ў краму, праверылі, або Белстат нам даў гэтую інфармацыю. Мала таго, мы бачым цэны імпарту. Будзем бачыць, па якіх цэнах увайшоў гэты тавар у нашу краіну, якая цана ў вытворцы. Мы будзем бачыць колькасць пасрэднікаў, якія перапрадавалі гэты тавар. І хто якую рабіў нацэнку, надбаўку на гэты тавар. І мы, адпаведна, зможам ужо больш аператыўна ўплываць на фарміраванне», — патлумачыў Багданаў.

Сістэму аўтаматызаванага аналізу цэн на імпарт у канцы 2023 года анансаваў таксама прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка.

Nashaniva.com