Мінабароны Расіі заявіла аб захопе Курахава. Гэта крытычна важны лагістычны вузел
Мінабароны Расіі сцвярджае, што расійскія вайскоўцы захапілі Курахава. Украіна пакуль не каментавала гэтую інфармацыю.
06.01.2025 / 11:04
Крыніца: deepstatemap.live
«Падчас актыўных наступальных дзеянняў падраздзялення Паўднёвай групоўкі войскаў цалкам вызвалілі горад Курахава — найбольш буйны населены пункт у паўднёва-заходняй частцы Данбаса», — гаворыцца ў заяве расійскага вайсковага ведамства.
Украінскае камандаванне пакуль не пацвярджае страту Курахова.
У ранішняй зводцы Генштаба УСУ паказвала, што на гэтым кірунку за мінулыя суткі былі адбітыя 27 нападаў праціўніка.
У апошнія дні самыя інтэнсіўныя баі вяліся ў прамзоне ў раёне Курахоўскай ЦЭС і трубнага завода на заходніх ускраінах горада. Да апошняга часу гэтыя ўчасткі кантралявалі ўкраінскія войскі.
Курахава — горад у Данецкай вобласці, у якім да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну жылі 20 тысяч чалавек.
Яго называюць крытычна важным лагістычным вузлом УСУ: ад Курахава залежыць абарона ўсяго фронту на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці. Горад размешчаны на трасе, якая злучае акупаваны Данецк і Запарожжа.
Баі за Курахава пачаліся восенню 2024 года.