Украінскія вайскоўцы пачалі выкарыстоўваць беспілотнікі з валаконна-аптычным каналам кіравання

Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны Аляксандр Сырскі паведаміў, што Сілы беспілотных комплексаў УСУ пачалі выкарыстоўваць на фронце беспілотнікі з оптавалаконным каналам кіравання.

05.01.2025 / 14:54

Украінскі дрон на оптавалакне «Бандэрык-стужка», прадстаўлены ў сакавіку 2024 года. Фота: «Дранарня»

Паводле слоў Аляксандра Сырскага, назіраецца далейшы рост колькасці беспілотных сістэм, якія выкарыстоўваюцца на полі бою.

Раней долю ўдарных беспілотнікаў з оптавалаконным каналам кіравання, якія ўяўляюць пагрозу для вайсковай тэхнікі пры яе перамяшчэнні, значна павялічыла Расія.

«Аднак мы не стаім на месцы і таксама пачалі выкарыстоўваць оптавалаконныя FPV-дроны, што пашырае магчымасці па знішчэнні расійскай ваеннай тэхнікі і асабовага складу», — сказаў Аляксандр Сырскі.

Паводле слоў украінскага галоўнакамандуючага, у снежні аператары беспілотных комплексаў Сіл абароны Украіны паразілі больш за 54 тысяч аб'ектаў праціўніка. Амаль палову гэтага выніку — 49% — забяспечылі дроны-камікадзэ, падкрэсліў Сырскі.

Па выніках працы ў часцях і падраздзяленнях, якія вядуць абарончую аперацыю ў Данецкай вобласці, ён заявіў, што армія Расіі цяпер нясе рэкордныя страты.

Украіна праспала дронавую рэвалюцыю? Чаму оптавалаконныя дроны мяняюць многае на полі бою

Расія пачала ўжываць дроны, што кіруюцца праз оптавалаконны кабель

У Запарожскай вобласці ГУР забіла начальніка штаба расійскага батальёна

Nashaniva.com