Да 4-5 сутак у чарзе. На выездзе з Беларусі ў Еўропу безліч аўто

Перад Новым годам многія беларусы ехалі з Еўропы дадому і праводзілі да трох сутак у чарзе на мяжы. Святы скончыліся, і народ пачаў вяртацца. Выглядае, што вяртанне будзе яшчэ больш працяглым па часе.

05.01.2025 / 19:11

Ілюстрацыйны здымак. Фота: terespol / Telegram

Польшча

Традыцыйна найбольш загружаны пераход — «Брэст», адзіны дзейны пункт пропуску на мяжы з Польшчай.

Па стане на 14 гадзін 5 студзеня, выезду з Беларусі ў Польшчу чакалі больш за 1800 легкавых аўто.

Сёння днём у Польшчу трапляюць тыя машыны, якія сталі ў чаргу на выезд яшчэ 3 студзеня. 

У падарожнікаў, якія зарэгістраваліся ў чарзе ноччу 3 студзеня і былі 843-мі на выезд, пайшло роўна двое сутак на тое, каб дабрацца да шлагбаума на беларускім баку. 

На само праходжанне мяжы сыходзіць яшчэ ад 5 да 8 гадзін.

Крыніца: terespol / Telegram

Людзі, якія сталі ў чаргу ўчора і былі 1306-мі на выезд з Беларусі, пішуць, што праз суткі сталі 930-мі.

Крыніца: granica_bypl / Telegram

Таму тым, хто сёння праходзіць мяжу пасля двух сутак у чарзе, могуць моцна пазайздросціць тыя, хто прыехаў туды ўчора або толькі цяпер.

З улікам таго, колькі машын праязджае праз «Брэст» за суткі, тыя, хто прыехаў на мяжу 5 студзеня, трапяць у Польшчу не раней за 9 студзеня, то-бок праз чацвёра сутак.

Крыніца: declarant.by

Тым не менш, у адрозненне ад чаргі з польскага боку, пры выездзе з Беларусі праз «Брэст» фізічна знаходзіцца ўвесь час у чарзе не абавязкова.

З 1 кастрычніка легкавым аўто дастаткова прыехаць на мяжу і зарэгістравацца ў электроннай чарзе за 12,60 рубля. Пасля чаго можна з'язджаць і чакаць сваю чаргу ў любым месцы. Гэта максімальна зручна для жыхароў Брэста і ваколіц, але калі размова ідзе пра чаргу на 3-4 сутак, то нават вяртанне ў Віцебск будзе мець сэнс — галоўнае потым своечасова вярнуцца ў зону чакання. 

За тым, як рухаецца чарга, можна сачыць анлайн, а за дадатковую плату можна замовіць СМС, якое прыйдзе за гадзіну да таго, як вам трэба будзе вярнуцца на мяжу. 

Як з аўтобусамі?

Сітуацыя з аўтобусамі выглядае крыху больш пазітыўна. Выезду з Беларусі перад пунктам пропуску чакае 65 аўтобусаў.

Каб не марнаваць час, людзі па магчымасці перасаджваюцца ў бліжэйшыя аўтобусы. Падарожнік, які каля 12-й гадзіны 4 студзеня за 50 еўра падсеў у 11-ты аўтобус, прайшоў мяжу а 6-й раніцы 5 студзеня, то-бок праз 18 гадзін, што можна назваць даволі паспяховым вынікам.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: granica_bypl / Telegram

Пазней у чатах пачала з'яўляцца інфармацыя, што вольныя месцы ёсць не раней за 15-20 аўтобус, таму нават з перасадкай праходжанне мяжы на аўтобусе займае мінімум суткі.

У адмысловых чатах людзі актыўна шукаюць магчымасць падсесці ў аўто. За правоз чалавека праз мяжу просяць ад 50 да 70 даляраў.

Крыніца: terespol / Telegram

Некаторыя адразу пазначаюць цану: напрыклад, за правоз праз мяжу двух дарослых з двума дзецьмі людзі гатовыя заплаціць 200 даляраў.

Цяперашнія чэргі з легкавікоў рэкордныя. Напрыклад, летась, калі беларусы таксама масава вярталіся з Беларусі ў ЕС, у пікавыя паслясвяточныя гадзіны чарга на «Брэсце» дасягала максімум 260 машын супраць 1800 цяпер.

Чаму так адбываецца?

Асноўная прычына ў тым, што Літва вясною закрыла яшчэ два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, а пазней забараніла ўязджаць на аўто з беларускімі нумарамі з боку Беларусі апроч выпадкаў, калі ўласнік мае менавіта літоўскую візу або ДНЖ.(выязджаць з Літвы ў Беларусь можна без абмежаванняў). Але такі пераходны перыяд будзе дзейнічаць толькі да 18 студзеня 2025 года. Пасля гэтай даты знаходжанне аўто з беларускімі нумарамі ў Літве будзе цалкам забаронена.

Апроч гэтага, з 16 ліпеня 2024 года Латвія забараніла ўезд на аўто з беларускімі нумарамі. Такім чынам атрымалася, што адзіным шляхам вярнуцца з Беларусі ў Еўрасаюз на аўто застаўся пункт пропуску «Брэст» (выключэнне толькі для ўладальнікаў літоўскіх віз, ДНЖ або грамадзянства ЕС), што ў выніку прывяло да калапсу на мяжы.

Літва

На мяжы з Літвой чэргі з легкавікоў таксама ёсць, але яны не вялікія. Па стане на 16 гадзін выезду з Беларусі ў Літву чакалі каля 100 машын у «Каменным Лозе» і каля 70 у «Беняконях».

Латвія

На выезд з Беларусі ў Латвію чэргаў з легкавых аўто няма.

Nashaniva.com