«Стань часткай вялікай Беларусі». Геймеры пачулі нешта дзіўнае ў папулярнай гульні

Пры выбары персанажа Віктара ў шматкарыстальніцкай гульні League of Legends многія пачулі яго нечаканы патрыятычны заклік. І цяпер не могуць яго расчуць назад.

06.01.2025 / 09:00

Віктар у League of Legends. Скрыншот відэа

League of Legends (LoL) — гэта папулярная шматкарыстальніцкая анлайн-гульня, якую распрацавала і выдала кампанія Riot Games яшчэ ў 2009 годзе. Сваім фарматам нагадвае культавую Доту (DotA). Сёння «Ліга легенд» з'яўляецца адной з самых вядомых і паспяховых кіберспартыўных гульняў у свеце.

Па яе сусвеце таксама выйшаў мультсерыял «Аркейн» (Arcane), які нечакана стаў сапраўднай падзеяй, прыцягнуўшы велізарную аўдыторыю з тых, хто нават не цікавіцца гульнямі, і сабраў захопленыя водгукі крытыкаў і гледачоў.

Кожны гулец у «Лізе легенд» кіруе адным персанажам-«чэмпіёнам», якія адрозніваюцца характарыстыкамі і здольнасцямі, што робіць іх больш прыдатнымі для той ці іншай ролі ў камандзе. 

@lectxr9000 #leagueoflegends #wildrift #leagueoflegendsmemes ♬ оригинальный звук - Александр Мейн

Адным з такіх чэмпіёнаў з'яўляецца персанаж Віктар, які па сюжэце з'яўляецца прадвеснікам новай тэхналагічнай эпохі і прысвяціў усё сваё жыццё прагрэсу чалавецтва, мадыфікаваўшы сваё цела з дапамогай навукі і сталі.

На гэтым тыдні ў сацсетках з'явіліся відэа, на якім пры выбары персанажа ён прамаўляе кароткую фразу. На відэа накладзены тэкст-расшыфроўка: «Стань часткай вялікай Беларусі». І менавіта гэта чуюць усе гледачы.

Каментатары жартуюць:

«Другі прэзідэнт Беларусі на відэа»

«А я вам зараз пакажу, адкуль на Пілтовер (выдуманы горад у сусвеце LoL — НН) рыхтаваўся напад»

«Ну не дарма ж яго Віктарам завуць»

«Нават ён прамаўляе назву краіны правільна»

«Я прыехала ў Мінск. Першае відэа, якое мне трапілася»

Але якое дачыненне Віктар мае да нашай краіны? Насамрэч ніякага, сусвет «Лігі легенд» цалкам выдуманы. Якое слова насамрэч гаворыць Віктар, можна зразумець з іншых відэа з гэтым персанажам. У арыгінале ён гаворыць пра эвалюцыю.

@tvoelive ВЕЛИКАЯ ЭВОЛЮЦИЯ ⚡ #arcane #victor #аркейн #виктор #leagueoflegends #лигалегенд ♬ оригинальный звук - tvoelive

Расчуць «вялікую Беларусь» вельмі складана пры праглядзе відэа, але магчыма — трэба проста перастаць глядзець на экран.

Такая памылка слыху вельмі распаўсюджаная. Людзі вельмі часта чуюць у англамоўных песнях словы (а часам і цэлыя сказы) з іншых моў. Асабліва эфект узмацняецца, калі наш мозг атрымлівае праз зрок дадатковы стымул чуць не тое — памылковы тэкст, як у выпадку з Віктарам з League of Legends.

Сільвія Райт у 1969 годзе

Гэты эфект таксама называецца мандэгрынам. Аўтаркай тэрміна лічыцца амерыканская пісьменніца Сільвія Райт. Калі ў дзяцінстве ёй чыталі баладу The Bonnie Earl o'Moray англійскага паэта Персі Біша Шэлі, яна няправільна разумела на слых адзін радок.

У арыгінале было так:

They have slain the Earl O’Moray,
And laid him on the green.

(Ён забіў графа О’Морэя
І пакінуў яго цела на траве)

Але маленькая Сільвія чула замест гэтага наступнае:

They have slain the Earl O’Moray,
And Lady Mondegreen.

(Ён забіў графа О’Морэя
І лэдзі Мандэгрын)

У далейшым менавіта Райт прапанавала выкарыстоўваць слова «мандэгрын» для абазначэння такіх памылак слыху.

«Смерць лэдзі Мандэгрын» Сільвіі Райт

Ф. Раўбіч