У Беларусі пачалі піяр-кампанію, крыўдную для Прыднястроўя

Лукашысцкія тэлеграм-каналы заклікаюць пахваліцца ў сацсетках перад Еўропай танным газам у Беларусі і Расіі. Але балюча будзе толькі жыхарам непрызнанай прарасійскай рэспублікі, якая засталася без газу ўзімку.

04.01.2025 / 23:45

Скрыншот відэа

Беларуская прапаганда зноў выкарыстоўвае заезджаную тэму пра тое, што цэны на газ у варожай Еўропе б'юць рэкорды, а вось у Саюзнай дзяржаве быццам бы ўсё настолькі добра, што можна ўключыць усе чатыры камфоркі газавай пліты. 

Менавіта ролікі ў такім стылі і заклікаюць рабіць беларусаў праўладныя каналы, каб перадаць цёплае прывітанне суседзям ЕС.

«У нас — танны газ, а ў вас?» — пытаюцца лукашысты.

Праўда, зачапіць у Еўропе такі трэнд можа толькі жыхароў адной краіны — непрызнанага прарасійскага Прыднястроўя, якое сутыкнулася з энергетычным крызісам пасля таго, як Украіна спыніла 1 студзеня транзіт расійскага газу. Жыхары рэспублікі пасярод зімы засталіся без ацяплення і гарачай вады, спынены прамысловыя прадпрыемствы, а электрасеткі не вытрымліваюць нагрузкі.

Газ пакуль застанецца даступным для прыгатавання ежы ў шматкватэрных дамах Прыднястроўя. Гэта будзе магчыма дзякуючы запасам у сістэме газаправодаў, пакуль ціск у сетцы не знізіцца да крытычнага ўзроўню.

Скрыншот відэа

Скрыншот відэа

Скрыншот відэа

Скрыншот відэа

Nashaniva.com