Прэм'ер Грэнландыі заявіў пра імкненне краіны да незалежнасці

Прэм'ер-міністр Грэнландыі Мутэ Эгедэ ў сваёй навагодняй прамове падкрэсліў жаданне Грэнландыі ўмацоўваць сувязі з іншымі краінамі і самастойна вызначаць сваю будучыню, піша Reuters.

04.01.2025 / 08:47

Грэнландыя. Фота: freepik.com

Кіраўнік грэнландскага ўрада адзначыў, што супрацоўніцтва з Даніяй не забяспечыла ягонай краіне поўнай роўнасці:

«Пара ліквідаваць перашкоды, якія можна назваць кайданамі каланіялізму, і рухацца наперад», — заявіў Эгедэ.

Рашэнне аб незалежнасці, па ягоных словах, павінен прыняць народ Грэнландыі, аднак тэрміны магчымага галасавання палітык не назваў.

«Настаў час, каб мы самі зрабілі крок і вызначылі сваю будучыню, у тым ліку ў дачыненні да таго, з кім мы будзем цесна супрацоўнічаць і хто будзе нашымі гандлёвымі партнёрамі», — сказаў Мутэ Эгедэ.

Рух за незалежнасць у Грэнландыі ўзмацніўся ў апошнія гады, у тым ліку праз выкрыццё неправамерных дзеянняў Даніі ў XX стагоддзі, уключаючы прымусовы кантроль нараджальнасці ў 1960-х.

Раней абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ЗША павінны купіць Грэнландыю. Эгедэ тады катэгарычна адказаў: «Востраў не прадаецца».

Грэнландыя — найбуйнейшы ў свеце востраў з насельніцтвам каля 60 тысяч чалавек, большая частка з якіх — эскімосы-інуіты. Востраў шмат гадоў быў калоніяй Даніі, але ў 1979 годзе атрымаў самакіраванне і ўласны парламент. У 2009 годзе пагадненне паміж Даніяй і Грэнландыяй пацвердзіла права вострава на незалежнасць, але толькі праз паспяховае правядзенне рэферэндуму.

Данія ўзмацняе абарону Грэнландыі. Трамп нядаўна зноў загаварыў пра жаданне набыць яе

Беларуска пераехала ў Грэнландыю, каб працаваць архітэктаркай. Як яно там? 

Вучоныя: вікінгі пакінулі Грэнландыю не столькі з-за змены клімату, як з-за маштабнага затаплення

Nashaniva.com