«Брама ў свет беларускага кантэнту». Каманда айцішнікаў стварыла беларускамоўную ШІ-калонку

Каманда беларускіх энтузіястаў у эміграцыі стварыла разумную калонку, якая размаўляе па-беларуску. Праз фармат хатняга дэвайса, заснаванага на ChatGPT, яны хочуць прасоўваць беларускую мову і культуру, а ў будучыні і бізнэсы — ад віртуальных экскурсій да выдавецтваў, піша MOST.

03.01.2025 / 21:54

Фота: MOST

Каманда, раскіданая па ўсім свеце, назвала праект ADAM. Калонка можа адказваць на любыя пытанні дзякуючы ChatGPT, прайграваць беларускія калыханкі, інфармаваць пра надвор’е, ставіць таймер, граць музыку са Spotify уладальніка.

У бліжэйшы час каманда плануе яшчэ інтэграцыю з сэрвісам дзіцячых аўдыёкніг «Кніжны Воз». Увогуле распрацоўшчыкі кажуць, што адна з мэтаў праекта — закрыць базавую патрэбу дзяцей у камунікацыі на беларускай мове і ў беларускамоўным кантэнце: казках, калыханках, гульнях, віктарынах — усім, чым яны актыўна карыстаюцца з Алісай ад Яндэкса.

Каманда ўжо атрымала водгукі ад тых, хто хацеў бы мець такі дэвайс. Сем’і з дзецьмі пацвярджаюць, што хацелі б, каб у іх доме было болей беларускамоўнага кантэнту.

«Пад капотам ёсць і ChatGPT, які можа расказаць, што тычыцца беларускага свету, што не тычыцца. Мы хочам туды пакласці і беларускі кантэкст, плюс, можа быць, яшчэ дапаможам развіццю беларускім бізнэсам, якія арыентуюцца на беларусаў, знайсці свайго пакупніка», — апісвае прыладу адзін з распрацоўшчыкаў Сяргей (імя змененае).

Сярод беларускіх бізнэсаў, прасоўванню якіх можа спрыяць ADAM, могуць быць віртуальныя экскурсіі, радыё, сэрвісы навін, выдавецтвы, адукацыйныя і забаўляльныя праграмы для дзяцей і дарослых. Калонка ўключыць беларускую музыку, кнігі, падтрымае размову на роднай мове.

«Гіганты беларускую мову туды не завязуць»

Сяргей сам шмат гадоў карыстаўся такімі калонкамі ад Amazon, Google і Яндэкса.

«Добра ведаю механіку, мне вельмі падабаецца такая прылада, — кажа ён. — Яна класная і карысная, мусіць быць у кожным доме. Здаецца, 60% амерыканскіх дамоў маюць Google Nest або Amazon Echo з Alexa. Але ёсць разуменне, што беларуская мова там сама не з’явіцца, гіганты туды яе не завязуць. Гэта тычыцца і многіх іншых моў. Ім [буйным кампаніям] гэта нецікава і немэтазгодна, гэта проста не акупіцца».

Таму беларусы вырашылі стварыць такі праект самастойна. На думку Сяргея, гэта дапаможа і беларускамоўным карыстальнікам, і тым, якія не размаўляюць па-беларуску, але хацелі б, каб у іх быў такі дапаможнік. Яны маглі б, напрыклад, прасіць калонку, каб яна выпраўляла іх памылкі.

«Беларускі штучны інтэлект — у кожную сям’ю», — падсумоўвае Сяргей.

Але ў першую чаргу, праект арыентаваны на беларусаў, якія стасуюцца па-беларуску і якім не хапае беларускамоўнага кантэнту ці не задавальняе яго якасць.

«Праект зараз пазіцыянуецца як шлюз ці брама ў свет беларускага кантэнту, які можа пакласціся ў аўдыёфармат. Праз калонку карыстальнікі могуць хутка знайсці тое, што ім цікава. Такі дапаможнік, які ўсё ведае і падкажа і пра навіны беларускія, і пра навіны ў свеце, пра надвор’е, пра цікаўнасці карыстальніка, накшталт новых аўдыёкніг ці традыцыйных кніг, пра падзеі ў яго горадзе, выступы музычных гуртоў, за якімі ён сочыць», — кажа Сяргей

Мэтавай аўдыторыяй калонкі ён называе айцішнікаў і прасунутых карыстальнікаў ва ўзросце 30-50 гадоў. Гэта людзі, якія ўжо прызвычаіліся плаціць за падпіскі і маюць сталую крыніцу даходу:

«У іх па пірамідзе Маслоу зараз пытанне не як сябе пракарміць, а як захаваць нацыянальную ідэнтычнасць, паўдзельнічаць у захаванні беларускай культуры», — лічыць Сяргей.

«Чэлендж у тым, што трэба пакласці ў валанцёрскую форму»

Зараз каманда праекта ADAM камерная. У ёй некалькі інжынераў і прадукт-дызайнер. Але беларусы ставяць мэту сабраць паўнавартасную каманду. Да канца студзеня яны збіраюць заяўкі на ролі спецыялістаў. Шукаюць некалькіх QA-інжынераў, прадуктолага, маркетолага, дызайнера, SMM-спецыяліста.

«І паляцім. Будзем працаваць тыднёвымі ці двухтыднёвымі спрынтамі, як звычайна ў айцішных камандах. Я ў ІТ ужо амаль 20 гадоў. Досвед вялікі. Мы ведаем, як гэта робіцца. Але чэлендж у тым, што трэба пакласці ў валанцёрскую форму», — кажа Сяргей.

На рэалізацыю праекта патрэбныя фінансы. Напрыклад, сродкі неабходныя на тое, каб навучыць АІ-мадэлі распазнаваць і сінтэзаваць беларускую мову. Таму каманда ADAM шукае інвестараў і мецэнатаў.

«На руках у нас ужо ёсць 20 дэвайсаў, мы знойдзем 20 лаяльных карыстальнікаў. Месяц-два патэсцім. Зробім краўдфандынг. Далей складана планаваць, але ёсць ідэя пайсці на суседнія рынкі, рабіць зараз, не адкладваючы», — дзеліцца планамі Сяргей.

Nashaniva.com