На трасе ў цэнтры Казахстана сутыкнуліся 95 машын

Калона з 95 машын, якія сутыкнуліся на трасе Астана — Шчучынск, рухалася пад суправаджэннем паліцыі і спецтэхнікі, перадае Tengrinews.kz.

03.01.2025 / 14:02

Участак аўтадарогі Астана — Петрапаўлаўск быў закрыты ў 07:20 раніцы з-за пагаршэння ўмоў надвор'я. Пасля паляпшэння надвор'я і расчысткі дарогі ў 12:30 рух у бок Шчучынска арганізавалі пад суправаджэннем супрацоўнікаў дэпартамента паліцыі і спецыяльнай тэхнікі.

«Аднак, паводле папярэдніх даных, з-за невыканання кіроўцамі хуткаснага рэжыму і бяспечнай дыстанцыі ў 13:28 на 153-м кіламетры трасы, у раёне вёскі Жанаталап, адбылося масавае сутыкненне з удзелам прыблізна 95 аўтамабіляў», — паведамілі ў «КазАўтаЖол».

Зараз на месцы здарэння працуюць супрацоўнікі паліцыі і спецыялісты «КазАўтаЖол». Адна паласа ачышчана, аўтамабілі, якія знаходзяцца ў рабочым стане, пачалі рух.

Nashaniva.com