Такаеў пра вайну ва Украіне: Расія ў ваенным плане непераможная

Прэзідэнт Казахстана расказаў, што абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас тэлефоннай размовы цікавіўся яго бачаннем спынення баявых дзеянняў ва Украіне. Пра гэта Касым-Жамарт Такаеў заявіў у інтэрв'ю Ana tili.

03.01.2025 / 08:33

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. Фота: tengrinews.kz

«Гэтая тэма не з’яўляецца новай для мяне, бо такое ж пытанне задавалі многія кіраўнікі дзяржаў і міжнародных арганізацый на працягу 2024 года.

Сітуацыя ўнікальная: Расія ў ваенным плане непераможная, а Украіна спадзяецца з дапамогай заходніх саюзнікаў выстаяць у вайне, хаця б не прайграць яе».

Ён дадаў пра складанасць праблемы, рашэнне якой залежыць ад волі і жадання кіраўнікоў канфліктуючых краін і, вядома, самога Трампа як лідара сусветнай дзяржавы.

«Я падкрэсліў, што Казахстан з самага пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне выступае за пачатак перамоў для дасягнення міру, — сказаў Такаеў. — Трэба падкрэсліць, што мы нідзе не прапануем сябе ў якасці пасярэднікаў, на міжнароднай арэне паводзім сябе згодна з патэнцыялам і магчымасцямі Казахстана, але заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу ў вырашэнні міжнародных праблем».

Nashaniva.com