Зніжкі на айчынныя тавары будуць дзейнічаць да канца студзеня

Акцыя «На родныя тавары. Навагодняя зніжка» працягнецца ў гандлі Беларусі да канца студзеня 2025 года, паведаміў журналістам кіраўнік Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Аляксей Багданаў.

31.12.2024 / 08:02

Ілюстрацыйнае фота

Ён адзначыў, што акцыя атрымалася ўдалай і спадабалася як спажыўцам, так і вытворцам. Паводле слоў міністра, зніжка складае 10%, з якіх 5% дае вытворца і 5% — гандлёвае звяно, і робіцца гэта для прасоўвання айчынных тавараў.

Багданаў падкрэсліў, што навагоднія зніжкі распаўсюджваюцца на 22 таварныя групы і прыцягваюць пакупнікоў.

«Яны будуць дзейнічаць да канца студзеня наступнага года. І прадпрыемствы могуць яшчэ больш актыўна далучацца да працы менавіта ў межах гэтай акцыі», — цытуе БелТА кіраўніка МАРГ.

Nashaniva.com