Трамп выступіў супраць забароны TikTok у ЗША

Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў Вярхоўны суд ЗША не ўводзіць забарону на сацыяльную сетку TikTok да яго інаўгурацыі. Адпаведную заяву ў суд накіраваў юрыст Джон Саўэр, паведамляе ABC.

28.12.2024 / 14:35

Дональд Трамп. Фота: Manuel Balce Ceneta / AP 

Трамп папрасіў суддзяў адкласці канчатковы тэрмін, у які TikTok павінен быць прададзены новаму ўладальніку, каб пазбегнуць блакіроўкі ў ЗША. На гэты момант гэты тэрмін заканчваецца 19 студзеня, а інаўгурацыя Трампа прызначана на наступны дзень, 20 студзеня.

У звароце да Вярхоўнага суда Саўэр падкрэсліў, што адмена раней устаноўленага тэрміну для продажу TikTok дасць магчымасць новай адміністрацыі «дасягнуць палітычнага ўрэгулявання» гэтага пытання.

У заяве таксама адзначаецца, што Трамп «выступае супраць забароны TikTok у Злучаных Штатах на дадзеным этапе». Паводле Саўэра, абраны прэзідэнт выкарыстоўвае платформу для камунікацыі з выбаршчыкамі, а на яго акаўнце ў TikTok налічваецца 14,7 мільёна падпісчыкаў.

Nashaniva.com