Аляксандр Глеб прыехаў з пралукашэнкаўскім «Марафонам адзінства» ў Мазыр

Ён заявіў журналістам, што гэтая ініцыятыва мае вялікае значэнне для згуртавання людзей, піша БелТА.

28.12.2024 / 12:02

Аляксандр Глеб. Фота: БелТА

Разважаючы пра ўдзел у сённяшняй «Знакавай сустрэчы», футбаліст адзначыў, што з задавальненнем адгукнуўся на прапанову далучыцца да гэтага праекта.

«Гатовы адказаць на любыя пытанні залы. Лічу, гэта выдатна, што ў рэгіёнах арганізавалі такія мерапрыемствы, дзе можна сустракацца з людзьмі, адказваць на іх пытанні, магчыма, нешта параіць, падказаць», — падзяліўся ён сваімі думкамі.

«Марафон адзінства» — гэта серыя агітацыйных канцэртаў за Лукашэнку перад «выбарамі».

Аляксандр Глеб быў праслаўленым беларускім футбалістам, гуляў, у тым ліку, за БАТЭ, «Штутгарт», лонданскі «Арсенал» і «Барселону». Пасля сканчэння кар'еры асеў у Беларусі, рэгулярна ўдзельнічае ў праўладных мерапрыемствах.

Nashaniva.com