Рэцыдывіст, які скраў унітаз у суседа. Расказваем, хто той найміт з Беларусі, якога ўзялі ў палон ва Украіне

Артур Яфрэмаў мае больш за дзясятак адміністратывак за п'янкі і дэбошы. На адным месцы працы ён таксама ніколі доўга не працаваў. А цяпер апынуўся ва ўкраінскім палоне.

28.12.2024 / 16:43

Артур Яфрэмаў. Фота з ягонай старонкі ў Аднакласніках

Артуру Яфрэмаву 37 гадоў. Ён родам з пасёлка Шарэйкі Касцюковіцкага раёна. Вядома таксама, што ён мае як мінімум адно дзіця, але з ягонай маці не жыве.

Вышэйшай адукацыі не мае, а значную частку жыцця правёў на шабашках у Расіі. На адной працы Яфрэмаў доўга ніколі не затрымліваўся. Працаваў, мяркуючы па базах, там, дзе яго бралі — то разнарабочым, то механікам, то бурыльшчыкам.

Па звестках Digital intelligence team, першую крыміналку Яфрэмаў займеў у 17 гадоў. У верасні 2005 года ён нападпітку залез у хлеў у роднай вёсцы і скраў каністру з 20 літрамі бензіну. Наступным летам ён здзейсніў яшчэ адзін «подзвіг» — скраў металічныя трубы ў сваёй жа вёсцы.

Агулам у Яфрэмава чатыры судзімасці ў Беларусі. Усе за крадзеж. Самае нягеглае яго злачынства — у лютым 2010 года ён разам з сябрам скраў у суседа ўнітаз са зліўным бачком. Праз гэта яго аб'явілі ў вышук у Расіі, дзе і затрымалі. Апошні раз яго судзілі ў 2019-м — Артур скраў тэлефон у сваёй уласнай дзяўчыны, за што яго зноў-такі аб'явілі ў вышук.

Артур Яфрэмаў. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Таксама Артур мае 13 правапарушэнняў — і ўсе за п'янку. Аднойчы ён пабіў сваю дзяўчыну, у 2013 яго хацелі выселіць з хаты праз антысанітарны стан будынку, а некалькі разоў ён п'яны спрабаваў кіраваць машынай.

Урэшце Яфрэмаў апынуўся на фронце — пайшоў ваяваць за Расію.

«Мянты мяне прынялі, давай прэсаваць. Падпісвай, тыпу, кантракт на вайну. Я першы раз, другі раз адмовіўся, трэці. Потым я зноў напіўся і мяне прэсавалі, зноў узялі. І я п'яны ўзяў і падпісаў. А потым, калі працверазеў, ужо позна было, я ўжо быў у Варонежы. Мяне туды завезлі п'янага», — заявіў Яфрэмаў украінскім вайскоўцам.

34-гадовы неанацыст з дзясяткам судзімасцяў — стала вядома пра беларуса, які загінуў падчас мясных штурмаў Аўдзееўкі

У Беларусі пасадзілі вагнераўца, які ваяваў за Расію. Гэта восьмая судзімасць хранічнага алкаголіка

Nashaniva.com