Расія зноў стварае абменны фонд: грамадзяніна ЗША асудзілі на 15 гадоў за «збор даных для сістэмы генетычнага скрынінгу»

Федэральная служба бяспекі Расіі апублічыла версію абвінавачання ў справе аб шпіянажы супраць грамадзяніна ЗША Джына Спектара, які быў прысуджаны да 15 гадоў калоніі строгага рэжыму, піша «Медыязона».

27.12.2024 / 12:15

Скрыншот відэа 

Паводле версіі ФСБ, Спектар дзейнічаў у інтарэсах Пентагона і звязанай з ім кампаніі, назва якой не раскрываецца. Спецслужба сцвярджае, што амерыканец збіраў «звесткі па біятэхналагічнай і біямедыцынскай тэматыцы, што ў тым ліку складаюць дзяржаўную таямніцу, для наступнага стварэння ў ЗША сістэмы высокахуткаснага генетычнага скрынінгу насельніцтва Расіі».

Спектар нарадзіўся ў Ленінградзе, але пазней пераехаў у ЗША і атрымаў там грамадзянства. У 2015—2016 гадах ён займаў пасаду старшыні рады дырэктараў расійскага пастаўшчыка медыцынскіх вырабаў «Медпалімерпрам».

У 2022 годзе Спектар быў прыгавораны да трох з паловай гадоў калоніі строгага рэжыму па справе аб пасярэдніцтве пры дачы хабару Анастасіі Аляксеевай, якая была памочніцай былога віцэ-прэм’ера Расіі Аркадзя Дварковіча. Паводле следства, хабар быў перададзены ў інтарэсах трох фармацэўтычных кампаній — «Праммед Рус», «Медпалімерпрам» і «Р-Фарм». Аляксеева павінна была спрыяць гэтым фірмам у працы.

24 снежня 2024 года Масгарсуд абвясціў прысуд Спектару па справе аб шпіянажы — 13 гадоў калоніі строгага рэжыму. З улікам папярэдняга тэрміну па справе аб хабарніцтве, агульнае пакаранне склала 15 гадоў зняволення. Таксама ў сіле застаўся штраф у памеры 14 116 805 рублёў (140 тысяч даляраў), які быў прызначаны па першай справе.

У 2017 годзе Уладзімір Пуцін на пасяджэнні Савета па правах чалавека заявіў пра мэтанакіраваны збор «біялагічнага матэрыялу» расіян.

«Вы ведаеце, што біялагічны матэрыял збіраецца па ўсёй краіне, прычым у людзей розных этнасаў і тых, хто пражывае ў розных геаграфічных рэгіёнах Расійскай Федэрацыі? Вось пытанне: навошта гэта робяць? Робяць мэтава і прафесійна. Мы такі аб’ект вельмі вялікай цікавасці», — сказаў ён.

Пасля гэтых слоў Пуціна Ваенна-паветраныя сілы ЗША заявілі, што закуплялі рыбануклеінавыя кіслоты і сустаўную вадкасць грамадзян Расіі для завяршэння даследаванняў шкілетна-мышачных траўмаў. Паводле іх прадстаўніка, узоры былі патрэбныя «ў мэтах аб’ектыўнасці даследавання, а не праз іх паходжання».

Грамадзяніна ЗША асудзілі ў Расіі на 15 гадоў

Nashaniva.com