На Краснай плошчы ў Маскве жанчына зладзіла салют па заданні махляроў

Днём 25 снежня наведвальнікі Краснай плошчы сталі сведкамі несанкцыянаванага салюту каля навагодняй ёлкі. Было зроблена некалькі залпаў з феерверка пад назвай «Вясёлы феерверк», піша Baza.

27.12.2024 / 11:11

Тады адказных за інцыдэнт выявіць не ўдалося, але ўжо на наступны дзень паліцыя затрымала 62-гадовую Святлану.

Святлана распавяла паліцэйскім, што запусціла феерверк па патрабаванні «супрацоўніка ФСБ», з якім яна падтрымлівала сувязь на працягу некалькіх тыдняў. Як высветлілася, жанчына стала ахвярай махляроў, якія выманілі ў яе 9,3 млн расійскіх рублёў (93 тысячы даляраў).

Махляры напужалі Святлану тым, што нібыта ад яе імя ажыццяўляецца фінансаванне Узброеных Сіл Украіны. У страху яна перадала кур'еру ўсе свае зберажэнні, пасля гэтага ўзяла некалькі крэдытаў і нават заклала кватэру на шасэ Энтузіястаў.

Махляры паабяцалі вярнуць грошы, калі Святлана падпаліць феерверк каля ёлкі на Краснай плошчы. Жанчына паверыла ў гэтыя абяцанні. Але марна: грошы ёй ніхто не вярнуў.

Заведзена крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства». Святлана цяпер фігуруе ў расследаванні як падазраваная.

Nashaniva.com