Байдэн даручыў Пентагону паскорыць пастаўкі ўзбраенняў Украіне

«Хачу выразна заявіць: украінскі народ заслугоўвае жыць у міры і бяспецы», — сказаў прэзідэнт ЗША.

26.12.2024 / 07:43

Джо Байдэн. Фота: Evan Vucci / AP

У сераду раніцай Расія здзейсніла атакі на энергасістэму і гарады Украіны крылатымі і балістычнымі ракетамі, а таксама беспілотнікамі. Уладзімір Зяленскі назваў гэты «калядны падарунак» украінцам «бесчалавечным».

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у сераду днём заявіў, што даручыў Міністэрству абароны працягваць пастаўкі ўзбраенняў Украіне паскоранымі тэмпамі. Заява была апублікаваная пасля таго, як у сераду раніцай Масква нанесла масіраваныя ўдары па ўкраінскай энергасістэме, піша «Голас Амерыкі».

«Раніцай на Каляды Расія нанесла серыю удараў ракетамі і дронамі па ўкраінскіх гарадах і крытычна важнай энергетычнай інфраструктуры. Мэта гэтай абуральнай атакі — пазбавіць украінскі народ цяпла і электрычнасці зімой і паставіць пад пагрозу бяспеку энергасістэмы», — гаворыцца ў заяве Байдэна, апублікаванай Белым домам.

«Хачу выразна заявіць: украінскі народ заслугоўвае жыць у міры і бяспецы, і Злучаныя Штаты разам з міжнароднай супольнасцю павінны працягваць падтрымліваць Украіну, пакуль яна не пераможа расійскую агрэсію», — дадаў Байдэн.

Нагадаўшы, што «за апошнія месяцы Злучаныя Штаты перадалі Украіне сотні ракет для супрацьпаветранай абароны, і яшчэ больш ужо на шляху», прэзідэнт заявіў: Я даручыў Міністэрству абароны працягваць паскораныя пастаўкі ўзбраенняў Украіне, і Злучаныя Штаты будуць нястомна працаваць над умацаваннем пазіцый Украіны ў яе абароне супраць расійскіх войскаў».

Байдэн збіраецца на развітанне ўвесці пакет санкцый супраць «ценявога флоту» Расіі

Nashaniva.com