Апублікаваныя дэкларацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Колькі ў Лукашэнкі, а колькі ў астатніх?
Цэнтрвыбаркам апублікаваў дэкларацыі ўсіх пяці кандыдатаў у прэзідэнты. Згодна з законам, яны павінны былі падаць звесткі пра даходы і маёмасць за 2023 год.
25.12.2024 / 10:09
Contributor / Getty Images
Даход Лукашэнкі — 203 590,16 рубля. Гэта пазначана як заробак. Нерухомасці, машын і іншай маёмасці ў Лукашэнкі няма.
Атрымліваецца, што па тагачасным курсе даляра штомесячны заробак Лукашэнкі складаў $4783 бруднымі ці $4113 чыстымі.
У яго жонкі Галіны Радзівонаўны даход — 9703,23 рубля (гэта пенсія і даходы ад акцый).
Нерухомасць у Галіны Радзівонаўны — жылы дом плошчай 196 кв. м у Шклове; 1/2 долі ў праве ўласнасці на жылы дом плошчай 54 кв. м у вёсцы Вялікі Межнік; зямельны ўчастак плошчай 0,1498 га ў Шклове. Таксама ёсць 56 акцый Шклоўскага масларобчага завода.
Даход Ганны Канапацкай — 93 978,31 рубля
Гэта аформлена, як заробак, даход ад прадпрымальніцкай дзейнасці; даход ад дзейнасці, абкладанай падаткам на прафесійны даход; дывідэнды.
Нерухомасць — кватэра плошчай 88,4 кв. м у Мінску; 1/2 долі ў праве ўласнасці на адміністрацыйнае памяшканне плошчай 47,7 кв. м у Мінску.
Транспарт — «Лэнд Ровер Рэндж Ровер Эводжы» 2017 года выпуску.
91 акцыя ААТ «Пухавіцкі КХП»; 90% статутнага фонду ТАА «КІНС-АГРА»
У Алега Гайдукевіча — 157 707,92 рубля
Гэта — заробак; прафсаюзныя выплаты; выплаты па дамове, даход ад продажу аўтамабіля.
З нерухомасці — кватэра плошчай 60,1 кв. м у Мінску, з транспарту — легкавік «Додж Чэленджэр 2019 года выпуску»; матацыкл Хонда ВТ750 C2B 2009; матацыкл Мінск, 3.129, 2022 года.
У Сяргея Сыранкова — 157 637,85 рубля (заробак, прафсаюзныя выплаты, прыбытак ад продажу аўтамабіля). У валоданні дом у Краснаполлі плошчай 96,5 кв метраў, легкавы аўтамабіль «Пежо 5008», 2018 года выпуску. У яго жонкі — даход 14 831,46 рубля.
У Аляксандра Хіжняка — 14 831,46 рубля (заробак; прафсаюзныя выплаты; выплаты да падзяк і грамат, дывідэнды), Ёсць кватэра 76,5 кв м у Мінску, легкавы аўтамабіль «Таёта Камры» 2008 года. «Лексус LS600» 2007 года, 37 простых акцый ААТ «Аўтаспецтранс».
У яго жонкі Алены 14 179,27 рубля заробак, у сына — Хіжняка Мікіты Аляксандравіча — 16 857 рубля. Яшчэ адзін сын Уладзіслаў Хіжняк не меў даходаў.
Сыны Лукашэнкі, дарэчы, не пазначаны. Віктар і Дзмітрыя — паўналетнія, ад іх дакументаў не патрабуецца. А вось дэкларацыя Колі павінна быць апублікаваная — калі яго прызнаюць сынам Аляксандра Лукашэнкі.