У конкурсе на найлепшую паштовую марку трэці год запар перамагае работа, звязаная з сілавікамі
«Белпошта» падвяла вынікі анлайн-галасавання ў конкурсе «Найлепшая паштовая марка Рэспублікі Беларусь 2024 года». Паводле іх, перамагла марка, прысвечаная гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана.
24.12.2024 / 16:22
Галасаванне праводзілася з 9 па 23 снежня на платформе інтэрнэт-партала РУП «Белпошта». У анлайн-галасаванні прынялі ўдзел 9484 чалавекі.
4456 галасоў, то-бок амаль палова, былі аддадзеныя за паштовы блок аўтарства дызайнеркі Марыны Круза «35-годдзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана».
Другое месца — у работы мастака Аляксандра Міцяніна і дызайнеркі Марыны Круза «Еўрапейскі зубр», якая сабрала 3215 галасоў.
Трэцяе месца здабыў малы ліст Аляксандра Міцяніна і Марыны Круза «Птушкі Беларусі. Крумкачовыя» — у яго 405 галасоў.
Трэба адзначыць, што ў конкурсе «Белпошты» ўжо трэці год перамагаюць маркі, звязаныя з сілавымі структурамі. У мінулым годзе гэта была марка «Ратавальнік», прысвечаная супрацоўнікам Міністэрства надзвычайных сітуацый, а ў 2022-м — марка «Службовыя сабакі Памежнай службы Беларусі».
Пры гэтым конкурс 2022 года не абышоўся без скандалу з палітычным адценнем. Тады адным з прэтэндэнтаў на перамогу, калі конкурс у канцы 2022 года толькі абвясцілі, была марка ліквідаванай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» з выявай белай сініцы, але яе адразу ж знялі з конкурсу, калі яна толькі стала выбівацца наперад.
«Белпошта» збіраецца стварыць канкурэнта Wildberries
Паглядзіце, якую прыгожую марку выпусцяць вялікім накладам у Беларусі ФОТАФАКТ
У конкурсе на найлепшую паштовую марку года сёлета зноў перамаглі сілавікі
Замест белай сініцы ў конкурсе «Белпошты» перамаглі службовыя сабакі сілавікоў
«Белпошта» зняла з галасавання марку з белай сініцай
Прапагандысты апалчыліся супраць белай сініцы