Інстытут Мінэканомікі: Санкцыі прама закранаюць чвэрць эканомікі Беларусі
Асноўны ўдар прыйшоўся на прамысловыя галіны і валаўтваральныя прадпрыемствы
24.12.2024 / 15:58
Беларуская прамысловасць. Ілюстрацыйнае фота
У дачыненні да Беларусі дзейнічае 1 499 сектаральных і персанальных санкцый, гаворыцца ў артыкуле старшага навуковага супрацоўніка НДІ Эканамічнага інстытута Мінэканомікі Наталлі Ганчарык «Ці ёсць жыццё пад санкцыямі?» у снежаньскім нумары часопіса «Фінансы. Улік. Аўдыт», піша «Позірк».
Удакладняецца, што з іх 711 уведзена «пасля лютага 2022 года». Агульная колькасць суб'ектаў у краіне, якія трапілі пад санкцыі, — 298: 261 фізічная асоба і 37 юрыдычных асоб.
Са спасылкай на міжнародныя сэрвісы адзначаецца, што Беларусь уваходзіць у сямёрку дзяржаў з максімальнай колькасцю ўведзеных санкцый: яе апярэджваюць Расія (больш за 22 тыс.), Іран (5,3 тыс.), Сірыя (2,9 тыс.) і Паўночная Карэя (2,2 тыс.), ззаду — М'янма (больш за 1 тыс.) і Венесуэла (748).
«Прамое ўздзеянне абмежаванняў закранула каля 25% беларускай эканомікі і ўскосна адбілася на ўсёй астатняй яе частцы», — гаворыцца ў артыкуле.
«Асноўны ўдар прыйшоўся на прамысловыя галіны і валаўтваральныя прадпрыемствы», — адзначаецца ў матэрыяле.
Праз рэальны сектар праблемы «перацякаюць у сумежныя галіны, асабліва ў аптовы гандаль і грузаперавозкі».
Паводле звестак Ганчарык, санкцыі закранулі каля 70% экспарту ў Еўрасаюз, або амаль 17% паставак тавараў за мяжу: «Увядзенне бар'ераў выклікала неабходнасць пошуку новых рынкаў збыту і шляхоў дастаўкі калійных угнаенняў, нафтапрадуктаў, прадукцыі дрэваапрацоўкі».
Гэта названа «вынікам перафарматавання палітычных адносін» [з Захадам].