Як рыхтавалася аперацыя па падрыве пэйджараў і рацый «Хезбалы»? Агенты «Масада» раскрылі падрабязнасці
На падрыхтоўку спатрэбілася каля 10 гадоў. Для павелічэння аб'ёмаў продажу пэйджараў была запушчана спецыяльная рэклама на ютубе і кампанія па напісанні фальшывых водгукаў.
24.12.2024 / 14:59
Выбух у Ліване, фота freemalaysiatoday.com
Аб тым, як рыхтавалася аперацыя па падрыве пэйджараў і рацый баевікоў «Хезбалы», CBS News расказалі два агенты ізраільскай разведкі «Масад». Яны былі сярод тых, хто ўзначальваў шматгадовую аперацыю. Нядаўна мужчыны вышлі на пенсію. У матэрыяле яны прадстаўлены пад выдуманымі імёнамі Майкл і Габрыэль.
Па словах Майкла, праца па ператварэнні рацый у зброю пачалася больш за дзесяць гадоў да таго, як Ізраіль выкарыстаў іх у верасні 2024 года.
Акумулятар для рацыі, які ўтрымліваў выбухоўку, быў выраблены ў Ізраілі на адным з заводаў «Масада». Самі прылады былі спецыяльна распрацаваны так, каб зручна змяшчацца ў кішэню бронекамізэлькі салдата.
Па словах Майкла, «Хезбала» па добрай цане купіла больш за 16 тысяч такіх выбухованебяспечных прылад. Кошт не мог быць занадта нізкім, каб не выклікаць падазрэнняў. «Масад» таксама павінен быў схаваць сваю асобу як прадаўца і зрабіць так, каб нельга было адсачыць рэальнага вытворцу. Для гэтага былі створаны падстаўныя кампаніі.
Teknolojigundem.com
Ад рацый да пэйджараў
Па словах Габрыэля, у 2022 годзе «Масад» перайшоў да распрацоўкі пэйджараў з выбухоўкай. У адрозненне ад рацый, якія носяцца ў браніраваных тактычных камізэльках, баевікі «Хезбалы» амаль заўсёды, незалежна ад сітуацыі, мелі пры сабе гэты кампактны сродак сувязі. Гэта зрабіла яго ідэальнай мішэнню для ўкаранення схаванай выбуховай прылады.
«Масад» даведаўся, што «Хезбала» закупляе пэйджары кампаніі Gold Apollo з Тайваня. Гэтыя прылады былі кампактнымі, стыльнымі і дастаткова маленькімі, каб зручна насіць іх у кішэнях. Аднак для размяшчэння выбухоўкі спатрэбіўся пэйджар большага памеру.
Габрыэль расказаў журналістам, што было праведзена мноства тэстаў з пэйджарам, які змяшчалі ў мяккую пальчатку і трымалі побач з тварам манекена. Гэта дазволіла вызначыць, якой колькасці выбухоўкі дастаткова для таго, каб пры выбуху пацярпеў толькі чалавек, які носіць прыстасаванне, а не тыя, хто побач з ім.
Па дадзеных «Масада», прылады не мелі разведвальных магчымасцяў і не маглі выкарыстоўвацца для адсочвання. Іх можна было выкарыстоўваць толькі як мініяцюрныя бомбы.
«Масад» таксама правёў тэсціраванне рынгтонаў пэйджараў. Ізраільскім разведчыкам хацелася, каб гук сігналу быў дастаткова настойлівым і тэрміновым — каб заахвоціць уласніка пэйджара неадкладна дастаць яго з кішэні. Таксама было вывучана, колькі часу ў сярэднім чалавек траціць на тое, каб адрэагаваць на паведамленне. Па выніках тэстаў сярэдні час рэакцыі склаў каля 7 секунд.
Як пераканалі «Хезбалу» купіць пэйджары
Па словах Габрыэля, калі дырэктар «Масада» Давід Барнэа ўбачыў іх распрацоўку, ён быў у шаленстве і сцвярджаў, што ніхто не купіць такую вялікую прыладу, якая досыць цяжкая і нязручная для нашэння ў кішэні. Дырэктар патрабаваў унесці змены ў распрацоўку, але Габрыэль на працягу двух тыдняў спрабаваў пераканаць свайго начальніка ў добрых якасцях пэйджара.
Гэтыя добрыя якасці пазней сталі рэкламавацца ў фэйкавай рэкламе на YouTube. Яна пазіцыянавала пэйджары як трывалыя, пыла– і воданепранікальныя, з доўгім тэрмінам службы батарэі. Таксама была праведзена кампанія па публікацыі фальшывых анлайн-водгукаў.
Па словах Габрыэля, рэклама была настолькі эфектыўнай, што многія людзі, не звязаныя з «Хезбалой», таксама хацелі купіць іх пэйджар.
Для таго, каб легалізаваць продажы і схаваць сапраўднага вытворцу, «Масад» стварыў шэраг падстаўных фірм, у тым ліку ў Венгрыі, якія заключылі з кампаніяй Gold Apollo ліцэнзійную дамову.
Для надання большай праўдзівасці і павелічэння даверу «Масад» наняў адну з прадаўшчыц прадукцыі Gold Apollo, з якой «Хезбала» ўжо працавала. Яна прапанавала баевікам першую партыю пэйджараў бясплатна як апгрэйд старых мадэляў. Па словах Габрыэля, да верасня 2024 года ў кішэнях у баевікоў «Хезбалы» апынулася каля 5 000 пэйджараў.
Як вядома, аперацыя» Масада» з пэйджарамі завяршылася іх паспяховай актывізацыяй 17 верасня 2024 года. На наступны дзень спрацавалі выбуховыя прыстасаванні ў рацыях, якія заставаліся бяздзейнымі 10 гадоў.
«Масад» планаваў падрыў пэйджараў «Хезбалы» з 2015 года
Ізраіль яшчэ на вытворчасці заклаў выбухоўку ў тайваньскія пэйджары для «Хезбалы» — Reuters