У цэнтры Мінска за даўгі прадаюць памяшканні першай прыватнай сеткі аптэк у Беларусі
На вуліцы Багдановіча на таргі выставілі два памяшканні, якія належаць кампаніі «Белфарм». Памяшканні прадаюць у кошт пагашэння даўгоў.
24.12.2024 / 14:17
Таргі па абодвух лотах адбудуцца 28 снежня. Інфармацыя пра аб'екты з'явілася на сайце «БелЮрЗабеспячэнні».
Абодва памяшканні знаходзяцца ў цэнтры Мінска, у раёне Оперы (вул. Багдановіча, 25 і 27). Іх кошт складае $513 тыс. і $320 тыс. адпаведна.
Фармдыстрыб'ютар «Белфарм» з'явіўся на беларускім рынку ў 1991 годзе. Доўгі час гэта была адзіная прыватная структура, якая мела генеральную ліцэнзію на імпарт медыкаментаў. Кампанію ўзначаліў Андрэй Шчаброў. Вясной 1992 года ён адкрыў першую прыватную аптэку ў краіне і першую валютную аптэку на постсавецкай прасторы, якая знаходзілася на вул. Якуба Коласа, 43.
Адной з першых «Белфарм» пачала пастаўляць у Беларусь «Смекту», «Мезім», а таксама касметыку брэнда Fa.
Найлепшыя гады для кампаніі прыйшліся на пачатак 2000-х, а ў 2010 годзе аптэкі «Белфарм» займалі другое месца пасля дзяржаўнай «Белфармацыі» па колькасці пунктаў.
У 2022 годзе «Белфарм» прадала вялікую колькасць сваіх пунктаў сетцы «Востраў здароўя» Віктара і Аксаны Рамукоў.