«Тры гадзіны адстаяла ў віртуальнай чарзе!» У продаж паступілі першыя квіткі на Viva Braslav — і ўжо скончыліся
Увечары ў панядзелак у продажы з'явіліся першыя квіткі на адзін з самых маштабных музычных фестываляў Беларусі — Viva Braslav — 2025. Імёны артыстаў яшчэ невядомыя, цэны кусаюцца — але раскупілі ўсё за лічаныя гадзіны. А нехта нават адстаяў віртуальную чаргу!
24.12.2024 / 14:30
Скрыншот відэа ў інстаграме фестывалю Viva Braslav
Сваім досведам у інстаграме падзялілася вядомая беларуская педыятарка-блогерка Анастасія Дзераўкова. Сёлета яна наведала Viva Braslav і засталася вельмі задаволеная: «Гэта найлепшая сцэна Беларусі. Найлепшае святло, найлепшы гук. І самае лепшае, што было з намі за лета 2024 года». Тады педыятарка набывала дарагія квіткі ў апошні момант, бо была няўпэўнена ў планах, цяпер жа чакала першай хвалі продажу, каб не пераплачваць.
Каб набыць квіткі на музычны фестываль, блогерцы прыйшлося правесці ў віртуальнай чарзе каля 3 гадзін:
— Вы калі-небудзь стаялі ў віртуальнай чарзе па віртуальныя квіткі? 21 стагоддзе, ногі стаміліся стаяць, — пажартавала Анастасія.
Нехта з яе падпісчыкаў напісаў, што стаяў у той самай чарзе і жартам пашкадаваў, што не атрымалася пабачыцца.
Трэба адзначыць, што цэны квіткоў выраслі ў параўнанні з мінулым годам. Летась цэны стартавалі ад 99 рублёў (за 2 дні фестывалю) і даходзілі да 345 за віп-варыянт, цяпер жа самы танны квіток «стандарт» каштаваў 125 рублёў, VIP — 490 рублёў.
Пры гэтым імёны артыстаў, якія выступяць на Viva Braslav — 2025, пакуль невядомыя. Але ж нятанныя VIP-квіткі раскупілі, калі меркаваць па інстаграме фестывалю, усяго за 2 гадзіны. Стандартныя — за 16 гадзін.
У будучым будзе яшчэ тры хвалі продажу квіткоў: чым бліжэй да мерапрыемства, тым яны даражэйшыя. Сам музычны фестываль у Браславе ў 2025 годзе пройдзе 25-27 ліпеня.
Як за 20 кіламетраў ад Беларусі праходзіць фестываль Tutaka ШМАТ ФОТА