Орбан лічыць, што вайна скончыцца ў 2025 годзе, і прапануе Украіне два сцэнары

Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан лічыць, што вайна Расіі і Украіны скончыцца ў 2025 годзе. Паводле яго слоў, будуць альбо мірныя перамовы, або «адзін з бакоў будзе знішчаны». Такое меркаванне ён выказаў у інтэрв'ю Magyar Nemzet, піша «Еўрапейская праўда».

24.12.2024 / 13:39

Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. Фота: AP Photo / Denes Erdos

Орбан выказаў перакананне, што ў 2025 годзе вайна ва Украіне скончыцца, і еўрапейскія эканомікі, у тым ліку Венгрыі, зноў «будуць мець вялікія эканамічныя поспехі».

У адказ на пытанне журналіста, што будзе, калі вайна не скончыцца, Орбан сказаў: «Вайна скончыцца ў 2025 годзе. Ці яе можна будзе завяршыць мірнымі перамовамі, ці адзін з ваюючых бакоў будзе знішчаны».

У той жа час Орбан паскардзіўся, кажучы пра вайну, што «зоркі на небе яшчэ ніколі не складаліся так кепска, а апошнія чатыры гады былі самымі цяжкімі з таго часу, як вятры змены рэжыму занеслі мяне ў палітыку». 

Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раскрытыкаваў спробы Орбана прадставіць сябе як пасрэдніка ва «ўрэгуляванні» вайны. 

Nashaniva.com