«Кіраўніцтва БНФ абяцала кожнаму ўдзельніку па адной сасісцы». Што пішуць у метадычках для ідэолагаў
Беларусы заўважылі на стэндах у некаторых дзяржустановах старонкі з метадычкі для ідэолагаў. Іх аўтары пераконваюць, «з якога незайздроснага «стартавага матэрыялу» ўдалося пабудаваць незалежную і суверэнную краіну, накіраваную ў будучыню», піша «Салідарнасць».
24.12.2024 / 12:42
У дзяржустановах заўважылі агіткі з фэйкамі пра БНФ і «моцнага лідара» ў асобе Лукашэнкі.
Мяркуючы па «шапцы» дакумента, матэрыялы былі падрыхтаваны яшчэ да лета 2024 года, каб «усенародна» адзначыць 30-гадовае праўленне Аляксандра Лукашэнкі, але цалкам могуць быць выкарыстаны і ў бягучай электаральнай кампаніі.
У тэксце сабраныя цытаты Лукашэнкі, страшылкі пра «ліхія 90-я» і адкрытыя фэйкі.
Напрыклад, сцвярджаецца, што кіраўніцтва Беларускага народнага фронту ў лютым 1994 года склікала людзей на мітынг у Мінску, абяцаючы кожнаму ўдзельніку «па адной сасісцы».
Зразумела, ніякіх доказаў не прыводзіцца, але аўтары сцвярджаюць, што «ахвочых атрымаць бясплатнае кармленне («франтавы» паёк) аказалася шмат…»
Не дзіўна, што складальнікі метадычкі, якія ўсхваляюць «моцнага лідара», жывапісуючы сітуацыю ў 1990-х, забываюць пра значна больш свежыя праблемы ў эканоміцы краіны, якія не раз узнікалі якраз з-за камандна-планавага стылю кіравання Лукашэнкі.
Чаго каштуюць хаця б крылатыя фразы «Толькі я ўзяўся за яйкі, як адразу масла прапала» і «Да Новага года ва ўсіх беларусаў на стале будуць нармальныя чалавечыя яйкі», прадуктовы дэфіцыт 1998-га, тры дэнамінацыі — сярод былых постсавецкіх краін гэта абсалютны антырэкорд, «маршы недармаедаў» у 2017-м… Спіс «дасягненняў» Лукашэнкі ў эканоміцы, які прывёў да яе татальнай залежнасці ад Расіі, можна працягваць доўга.