Іранскі прадпрымальнік выканаў «Купалінку» на старажытным іранскім барабане
Унікальны дуэт музычных інструментаў з'явіўся дзякуючы іранцу Джамшыду Эбрахімхані, які чатыры гады таму прыехаў у невядомую яму Беларусь, піша kraj.by.
24.12.2024 / 10:31
Фота: Kraj.by
Джамшыд кіруе іранскім заводам парашковых фарбаў «Бел Пэка Пэйнт», які знаходзіцца ў вёсцы Ізбіна Вілейскага раёна. Акрамя прафесійных якасцяў кіраўніка, Джамшыд вельмі любіць музыку і сам іграе на тамбаку — барабане, створаным яшчэ ў старажытным Іране больш за пяць тысячагоддзяў таму.
Знаёмячыся з беларускай нацыянальнай культурай і музыкай, іранец захапіўся песняй «Купалінка». Джамшыд загарэўся ідэяй запісаць гэтае творы ў суправаджэнні беларускіх цымбалаў і іранскага тамбака.
Беларуска-іранская «Купалінка» ўжо створаная. Пра гэта парталу Kraj.by распавяла метадыст Маладзечанскага раённага цэнтра культуры Надзея Канапацкая, якая ўсебакова дапамагала ў стварэнні ўнікальнай кампазіцыі. У пятніцу, 20 снежня, Надзея запрасіла Джамшыда Эбрахімхані ў цэнтр культуры на Лібава-Роменскай вуліцы.
Джамшыд са сваёй жонкай Нікі жывуць у Маладзечне. Сям'я здымае кватэру. У Беларусь Джамшыд прыехаў з роднага Тэгерана.
Што тычыцца музыкі, Джамшыд тлумачыць:
— У Тэгеране 25 гадоў таму мая мама адправіла мяне ў музычную школу. З 16 гадоў я вучыўся граць на тамбаку. Гэта ўдарны інструмент, які выкарыстоўваецца ў ансамблях, але на ім можна іграць і сольна.
— Я прыехаў у краіну, пра якую нічога не ведаў, думаў, што гэта Белая Расія, — успамінае Джамшыд. — Але ўбачыў, што Беларусь — гэта незалежная краіна з гасціннымі людзьмі. Ваша «Купалінка» мяне зачаравала.
Іранец пераклаў тэкст песні на фарсі з дапамогай анлайн-перакладчыка і цяпер разумее, пра што ў ёй гаворыцца.
Падрыхтоўка да запісу была сур’ёзнай. Партыю цымбалаў выканала вучаніца Маладзечанскага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага Эвеліна Ламейка.
Джамшыд распавядае, што за чатыры гады жыцця ў Маладзечне, як чалавек, які абажае музыку і захапляецца творчасцю Шастаковіча, ён наведваў розныя маладзечанскія музычныя форумы і фестывалі. Але песню «Купалінка», якая кранула яго да глыбіні душы, ён пачуў упершыню ў кампаніі сваіх беларускіх сяброў. Каля сямі месяцаў таму яе на сяброўскай сустрэчы выканала жонка аднаго з яго таварышаў.
— Я зразумеў, што закахаўся ў «Купалінку» з першых нот, — прызнаецца Джамшыд. — Матыў гэтай песні вельмі падобны на іранскія нацыянальныя мелодыі. І я вырашыў сам запісаць гэтую песню з беларускімі выканаўцамі, каб пакінуць у Беларусі памяць пра сябе і захаваць для сябе памяць пра Беларусь.
Падрыхтоўка да запісу пачалася адразу. Неабходна было знайсці цымбалістку і вакалістку. Партыю тамбака Джамшыд, натуральна, вырашыў выконваць сам.
— Беларусы і іранцы заслугоўваюць толькі найлепшага. Я бачыў у інтэрнэце шмат варыянтаў выканання «Купалінкі», але думаю і спадзяюся, што наш сумесны праект стане найлепшай версіяй у свеце, — кажа Джамшыд Эбрахімхані.
Антон, які дапамагае Джамшыду ў рэалізацыі яго творчай ідэі, дадае:
— Джамшыд настолькі патрабавальна і сур'ёзна ставіцца да гэтага, што, калі я пачынаю спяваць «Купалінку» са сваім не самым ідэальным слыхам, ён адразу мяне спыняе. Кажа: «Памаўчы, калі ласка. Гэтую песню трэба выконваць або вельмі добра, або не выконваць увогуле», — смяецца Антон.
Гурт ŠUMA прадставіў сваю версію «Купалінкі» і абвясціў конкурс рэміксаў на яе з важкім прызам
Штучны інтэлект стварыў кліп на культавую беларускую песню ВІДЭА
Журналіст Бі-бі-сі Стыў Розэнберг грае «Купалінку» на фартэпіяна ВІДЭА