Сёння католікі, пратэстанты і частка праваслаўных святкуюць Раство
У хрысціянскай традыцыі лічыцца, што пра час і месца нараджэння Ісуса Хрыста паведаміла Віфлеемская зорка, якая ўзышла на небасхіле з наступленнем цемры.
24.12.2024 / 09:02
Сёння і заўтра Раство святкуюць рыма-католікі, грэка-католікі, пратэстанты, а таксама праваслаўныя цэрквы ва Украіне, Грэцыі, Балгарыі, Румыніі, Чэхіі, Амерыцы, а таксама Усяленскі (Канстанцінопальскі) патрыярхат, у падпарадкаванне якому, напрыклад, перайшоў Беларускі прыход у Вільні, а таксама дзве парафіі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў ЗША.
Яны трымаюцца новаюліянскага календара, прыдуманага 100 гадоў таму сербскім астраномам, прафесарам матэматыкі Мілуцінам Міланкавічам.
У хрысціянскай традыцыі лічыцца, што пра час і месца нараджэння Ісуса Хрыста паведаміла Віфлеемская зорка, якая ўзышла на небасхіле з наступленнем цемры.
Менавіта таму святочная вячэра пачыналася ўвечары са з’яўленнем першай зоркі і праходзіла ў строгім маўчанні.
Таксама ўвечары і ўначы пройдуць святочныя службы.
24—26 снежня — выходныя дні ў заходніх краінах, у некаторых жыццё 24 і 25 снежня вымірае.
7 студзеня Раство будуць святкаваць праваслаўныя ў Беларусі, Расіі, Сербіі, Польшчы, Грузіі, а таксама Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхата.