Прызналі «экстрэмісцкім» сайт Grodno.in, які раней змусіў прабачацца Бондараву

Суд Ленінскага раёна Гродна ўдарна папрацаваў, прызнаўшы экстрэмісцкімі папулярны ў горадзе бізнэс-партал Grodno.in і ўсе сацсеткі, з ім звязаныя, а таксама шэраг іншых інтэрнэт-рэсурсаў.

23.12.2024 / 20:17

Акрамя ўласна сайта Grodno.in, «экстрэмісцкімі» прызналі два звязаныя з ім тэлеграм-каналы, а таксама старонкі ў тыктоку, інстаграме, фэйсбуку, X, «Укантакце» і «Аднакласніках».

Раней Grodno.in уступіў у канфлікт з вядомай гродзенскай даносчыцай Вольгай Бондаравай, якая ў сваім тэлеграм-канале рабіла закіды, называючы канал «экстрэмісцкім», хоць такога статусу выданне тады не мела. Журналісты падавалі на Бондараву ў суд, але справа да яго тады не дайшла — бакі дамовіліся праз медыятара. Даносчыцы прыйшлося публічна абвяргаць адзін са сваіх пастоў.

Цяпер жа, праз больш чым паўгода пасля таго выпадку, гэты статус выданне «дагнаў», і Бондарава з гэтага ўжо цешыцца, не хаваючы, што сама прыклала да гэтага руку. 

Апрача таго, «экстрэмісцкім» прызналі старонкі ў фэйсбуку праваслаўнага святара Георгія Роя, які цяпер належыць да Усяленскага патрыярхату ды жыве і працуе ў Вільні, і цяперашняй галоўнай рэдактаркі тэлеканала «Белсат» Аліны Коўшык.

Таксама пад забарону трапіў акаўнт у інстаграме пад назвай autapolk. 

А суд Лідскага раёна тым часам прызнаў экстрэмісцкім тыкток-акаўнт denroy86 Дзяніса Чашчавіка.

Стала вядома, за што гродзенскае выданне пацягнула ў суд Вольгу Бондараву

На Вольгу Бондараву падалі ў суд

На Бондараву зноў падалі ў суд. Хто на гэты раз?

Бондарава заявіла, што выйграла суд. І закляйміла тых, хто ўсадзіў ёй нож у спіну

Nashaniva.com