Кіроўца ў шоку ад таго, як дзеці загадзілі аўтобус пасля экскурсіі

«А пасля пытаюцца: а чаму кіроўцы злыя, чаму кіроўцы бухаюць…» Відэа сабрала мільён праглядаў.

23.12.2024 / 15:00

Скрыншоты відэа ў тыктоку

Беларускі кіроўца аўтобуса паказаў, што робіцца ў салоне пасля школьнай экскурсіі. На відэа, якое мужчына выклаў у тыктоку, бачны абгорткі ад ежы, крошкі, скурка ад банана і нават забыты красовак.

«Паважаныя бацькі, навучыце сваіх дзяцей культуры. І педагогі — вы ж хочаце зайсці ў чысты аўтобус, прыгожы. А зараз кіроўцу гадзіну гэта ўсё прыбіраць. А пасля пытаюцца: а чаму кіроўцы злыя, чаму кіроўцы бухаюць… Таму што калі тут не бухаць, ты галавой паедзеш», — абураецца мужчына, пакуль ходзіць па салоне з венікам.

«Страшна, проста страшна», — каментуе ён беспарадак.

Кіроўца дадае, што дзеці на экскурсіі былі не з простай школы, а з гімназіі.

@germany_demon #дети#работа#туризм#культурадетей21века ♬ оригинальный звук - Эдуард

Відэа сабрала мільён праглядаў.

У каментарах прапануюць выставіць рахунак школе за прыборку або наступным разам не выпускаць дзяцей, пакуль яны не прыбяруць за сабой.

«Мы пасля апошняй паездкі папрасілі кіроўцу не адчыняць дзверы аўтобуса, пакуль дзеці не навядуць парадак на сваіх месцах. Бацькі хвілін 7 чакалі», — дзеляцца ў каментарыях.

Хтосьці дадае, што не дазваляе школьнікам есці ў аўтобусе.

Nashaniva.com