Траціна апытаных расіян папрасілі ў Дзеда Мароза на Новы год перамогі ў вайне ва Украіне і аднаўлення міру

Усерасійскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі (ВЦІОМ) правёў тэлефоннае апытанне сярод 1600 расіян на тэму, што б яны папрасілі ў Дзеда Мароза.

23.12.2024 / 14:47

Фота: Tut.by

37% рэспандэнтаў заявілі, што хацелі б пажадаць «завяршэння СВА нашай перамогай і аднаўлення міру», паведамляе ВЦІОМ. Пры гэтым у выніках апытання адзначана, што яны пажадалі заканчэння «СВА» ўвогуле, не толькі праз перамогу. 

12% апытаных сказалі, што хацелі б папрасіць у Дзеда Мароза здароўя для сябе і сваіх блізкіх альбо выканання асабістых жаданняў, такіх як новы тэлефон, аўтамабіль, кватэра і іншае. Яшчэ 7% пажадалі стабільнасці, эканамічнага росту для краіны і зніжэння ключавой стаўкі.

6% рэспандэнтаў заявілі, што хацелі б эканамічнай стабільнасці «для сябе», 2% — дабрабыту і спакойнага жыцця. Кожны дзясяты адзначыў, што не стаў бы пісаць ліст Дзеду Марозу.

«Завяршэнне канфлікту — жаданне, якое аб'ядноўвае расійскае грамадства, — гэта сведчыць пра высокі ўзровень сацыяльнай уключанасці і разумення расіянамі бягучай сітуацыі», — падсумаваў ВЦІОМ.

Nashaniva.com