«Байсол» працягвае калядную акцыю «Падорым дзецям цуд!»
«Давайце разам падорым дзецям, чые сем'і трапілі ў цяжкія абставіны, маленькі цуд і вялікую веру ў беларускую салідарнасць!», — заклікае ініцыятыва.
23.12.2024 / 13:08
«Навагоднія святы — час для цяпла, любові і дабрыні. Але для многіх беларускіх дзяцей зараз не хапае найважнейшага: мамы ці таты побач, бо яны знаходзяцца ў зняволенні паводле палітычных матываў. Замест звыклых радасцяў дзяцінства — яны вымушаныя жыць у расстанні, з шматлікімі цяжкасцямі, але мы можам зрабіць так, каб святло ўлюбёных святаў дасягнула і да іх.
Кожнае ваша ахвяраванне — гэта не проста падарунак, гэта знак таго, што свет не забыўся пра іх і пра іх сем'і. Разам мы можам стварыць свята, напоўненае цёплынёй і падтрымкай, дзе, хай на імгненне, дзеці адчуюць прысутнасць бацькоў. Уявіце сабе іх усмешкі, іх радасць, калі яны атрымаюць падарункі ад «Дзеда Мароза» — як сімвал таго, што яны не адны, што многія людзі клапоцяцца пра іх і іх будучыню», — заклікае арганізацыя.
Як атрымаць дапамогу?
Звярнуцца па дапамогу могуць члены сем'яў палітвязняў, у якіх ёсць дзеці да 16 гадоў уключна і нехта з бацькоў (ці абодва) знаходзяцца (больш за 3 месяцы), альбо знаходзіліся раней у зняволенні (таксама больш за 3 месяцы).
На падарунак кожнаму дзіцяці будзе выплачана 100 €.
На гэты момант сабрана 18 810 еўра з 24 800, будуць як мінімум падтрыманыя 172 з 248 дзяцей.