Раскрыта жорсткае забойства 1997 года ў Гомелі, калі аўтаматам расстралялі сям'ю з 4-гадовым сынам

На вачах у жонкі і 4-гадовага дзіцяці злачынцы забілі 29-гадовага бацьку, а потым абматалі скотчам твар жонкі і зрабілі не менш за 10 стрэлаў у жанчыну і малалетняга хлопчыка.

23.12.2024 / 10:28

 

Як распавяла Генпракуратура, ім удалося прыцягнуць да адказнасці мужчыну, які ў складзе банды здзейсніў забойства ў Гомелі больш за 25 гадоў таму. У 1997 годзе там была забіта сям'я з трох чалавек, уключаючы малалетняе дзіця. 

Як устаноўлена, восенню 1997 года пацярпелы распавёў абвінавачанаму, што ўдзельнічаў у арганізацыі фінансавай піраміды і атрымаў даход у валюце, а таксама ювелірнымі ўпрыгажэннямі.

Як піша Генпракуратура, абвінавачаны з мэтай нападу на яго сям'ю і іншых грамадзян стварыў арганізаваную злачынную групу, куды ўвайшлі яшчэ двое мужчын.

Далей ён распрацаваў план і размеркаваў ролі паміж саўдзельнікамі. Загадзя набыў баявую аўтаматычную агнястрэльную зброю — аўтамат Калашнікава. 

Дзейнічаючы па распрацаваным плане, абвінавачаны загадзя дамовіўся аб сустрэчы з 29-гадовым пацярпелым.

Увечары 4 снежня 1997 года гаспадар, нічога не падазраючы, адкрыў дзверы злачыннай групе.

Затым забойца на вачах у жонкі і 4-гадовага дзіцяці зрабіў не менш за чатыры стрэлы ў галаву гаспадару кватэры. У гэты час двое іншых саўдзельнікаў абматалі скотчам твар жонкі. Пасля чаго зрабілі не менш за 10 стрэлаў у жанчыну і малалетняга хлопчыка. 

Згодна з заключэннямі судова-медыцынскага эксперта смерць мужчыны наступіла ад скразнога агнястрэльнага кулявога ранення галавы, жанчыны і дзіцяці — у выніку множных скразных агнястрэльных кулявых раненняў грудзей і жывата. 

Далей абвінавачаны сумесна з іншымі ўдзельнікамі злачыннай групы завалодаў ювелірнымі ўпрыгажэннямі і грашыма забітай сям'і ў суме больш за 145 млн беларускіх рублёў. Па якім гэта курсе, следства не ўдакладняе. 

Як выйшлі на злачынцу

Падчас стральбы аўтаматны затвор моцна траўмаваў руку аднаго з саўдзельнікаў — яго кроў засталася на лесвічнай пляцоўцы каля кватэры забітых.

У 2021 годзе стала вядома, што падазраваны мужчына на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі забіў яшчэ двух чалавек і адбываў пакаранне ў лячэбна-прафілактычнай установе. 

Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь накіравала матэрыялы крымінальнай справы расійскім калегам для арганізацыі крымінальнага пераследу. 

Прыгаворам Кастрычніцкага раённага суда г. Краснадара абвінавачаны прызнаны вінаватым у забойстве. Па сукупнасці злачынстваў яму прызначана 25 гадоў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Nashaniva.com