Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю
«Яны пашкадуюць, што назвалі мяне дзіўным», — так заканчваецца ліст, напісаны па-беларуску 12-гадовым падлеткам, які прыйшоў у школу ў Вялікім Буэнас-Айрэсе з пісталетам і спісам імёнаў.
23.12.2024 / 08:09
Сярэдняя школа № 7 у муніцыпалітэце Фларэнсіа Варэла. Фота: Google.maps
Аргенцінскія СМІ сцвярджаюць, што гэта была дзяўчынка, але, мяркуючы па фота запісаў, іх напісаў хлопчык. Нацыянальнасць падлетка не ўдакладняецца, піша Reform.news.
Пра інцыдэнт у сярэдняй школе №7 у муніцыпалітэце Фларэнсіа Варэла першым паведаміў тэлеканал C5N. 17 снежня 12-гадовы падлетак прынёс у школу 9-міліметровы пісталет.
Як мяркуецца, ён планаваў забіць сваіх аднакласнікаў: у яго быў спіс з 14 імёнаў вучняў і аднаго настаўніка. Аднак план сарваўся, бо адзін з аднакласнікаў заўважыў у заплечніку пісталет і паведаміў пра гэта настаўніку, які адразу ж перадаў інфармацыю кіраўніцтву школы. Падлетка выклікалі да дырэктара, што дазволіла прадухіліць трагедыю.
У ходзе расследавання сярод рэчаў падлетка знайшлі лісты з нататкамі. Журналісты C5N палічылі, што тэкст на кірыліцы напісаны па-руску, але гэта была беларуская мова. Частка запісаў была зроблена таксама на англійскай мове.
Я павінен паглядзець, бо я не ведаю, колькі я маю куль…
5 абавязкова, тады я выклічу міліцыю
Нумар: 107 хуткая дапамога, 911 міліцыя
А настаўніцу прыродазнаўства заб’ю
Яны пашкадуюць, што назвалі мяне дзіўным.
Акрамя таго, быў выяўлены спіс з 14 імёнаў, якіх падлетак нібыта планаваў забіць у пэўным парадку. На адным з аркушаў былі пазначаны нумары экстраных службаў. Сярод нататак таксама былі малюнкі зброі і кулі.
Журналісты атрымалі доступ да перапіскі ў месенджары паміж падлеткам і яго аднакласнікам, дзе той пісаў: «Школьная страляніна. Усё роўна ўсе ўжо ведаюць». На што сябар спытаў: «Якая страляніна? Што здарылася?» Падлетак адказаў: «Мне ўсё надакучыла, ніхто мяне не любіць».
Яго знаёмы паспрабаваў яго супакоіць, напісаўшы: «Многія людзі любяць цябе, і я адзін з іх. Ты неверагодны чалавек, і табе трэба думаць пра тых, хто цябе цэніць». У адказ падлетак прызнаўся ў сваіх намерах: «У мяне быў план на тры месяцы, да 6 мая 2025 года. У мяне ёсць два сапраўдныя пісталеты, якія належаць маёй маме — яна паліцэйская. Я збіраўся забіваць па адным. Але адзін ідыёт усё сапсаваў».
Адна з маці вучняў школы расказала журналістам пра тое, што адбылося, і запатрабавала забяспечыць бяспеку для дзяцей. Яна заявіла: «Па словах дырэктара, падлетак з заплечнікам знаходзіўся пад назіраннем. Бацькоў выклікалі ў школу, і заплечнік са зброяй быў перададзены ім. Бацькі з’яўляюцца супрацоўнікамі паліцыі. Аднак выклік паліцыі зроблены не быў».
Маці таксама адзначыла, што падлетак усяго год навучаецца ў школе і падвяргаўся булінгу, хоць невядома, калі гэта пачалося. Па яе словах, падлетак паказаў зброю аднакласніку, які спачатку не паверыў, але пасля таго, як яму прадэманстравалі пісталет, паведаміў пра гэта выхавацелю.
«Настаўнікі дзейнічалі згодна з школьным пратаколам. Наколькі нам вядома, падлетак больш у школу не прыходзіў», — расказала жанчына ў эфіры праграмы Mañanas Argentinas тэлеканала C5N.