Халезін: Самыя вялікія ганенні на Свабодны тэатр былі пры Латушку. Але яму не трэба каяцца перада мною
У новым выпуску ТОКу знакаміты рэжысёр Мікалай Халезін расказаў пра сваё стаўленне да Паўла Латушкі.
22.12.2024 / 18:45
Падчас размовы вядучая «Тока» Наста Роўда папрасіла Мікалая Халезіна выказаць меркаванне пра Паўла Латушку.
«Мы сябруем з ім. Пры гэтым, калі мы толькі пазнаёміліся і пачалі камунікаваць, я яму выказаў усе свае прэтэнзіі. Што самыя вялікія ганенні на Свабодны тэатр былі ў той перыяд, калі ён быў міністрам культуры», —
адказаў Мікалай Халезін і патлумачыў, што такая пазіцыя з боку дзяржавы не была пазіцыяй Латушкі.
«Яму не трэба было каяцца перада мной. Таму што я ведаў, што гэта была не яго работа. Гэта рабіў [Уладзімір] Макей, які тады ўзначальваў Адміністрацыю прэзідэнта».
Як сцвярджае Халезін, падчас адной з размоваў ён распытваў у Латушкі яго планы на будучыню:
«Я кажу: «Што ты хочаш далей? Як бы ты сабе ўяўляў сваю кар'еру?» Ён мне расказаў, і мне спадабалася тое, што ён гаварыў. Але гэта лепей няхай ён гаворыць».
Халезін даводзіць, што ў яго з Паўлам Латушкам склаліся вельмі добрыя адносіны:
«Павел — той чалавек, якому я магу проста пазваніць ноччу і сказаць: «Вось заўтра ранкам такая-та сустрэча. Як думаеш?» Ён бадзёра раскажа, быццам бы і не спаў. Ён малайчына, яго працаздольнасць вар'яцкая.
Дзіўна, што гэта якраз два чалавекі, якія цяпер на чале працэсу — ён і Святлана [Ціханоўская]. Яны, здаецца, двухжыльныя. Але я разумею, што гэта ўсё вельмі цяжка даецца. І па здароўі».
На пытанне, ці бачыць Латушку прэзідэнтам Беларусі, рэжысёр адказаў:
«Чаму б і не. Гэта будзе ён вырашаць. Я думаю, ён хацеў бы стаць прэзідэнтам. Таму што для палітыка гэта увогуле як бы сусветны рэкорд — стаць прэзідэнтам. Я бачу яго [на пасадзе] лёгка. Таму што ён зможа балансаваць, зможа адстойваць пазіцыю Беларусі, а не сваю».
Глядзіце цалкам:
Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года
Халезін згадаў, як Лукашэнка напярэдадні рэферэндуму 1996 года спрабаваў купіць журналістаў