Школам забаранілі збіраць даныя аб планах дзяцей на канікулах

Нацыянальны цэнтр абароны персанальных звестак заявіў, што такое дапушчальна толькі ў крайніх выпадках.

22.12.2024 / 14:43

Школы не маюць права збіраць даныя аб планах вучняў на канікулах. Запаўненне такіх анкет некаторы час практыкаваўся ў школах пасля 2020 года. Аднак, як аказалася, гэта не надта законна.

Нацыянальны цэнтр абароны персанальных звестак прапрацаваў гэтае пытанне з Мінадукацыі. У цэнтры заявілі, што школы не могуць збіраць анкеты, якія змяшчаюць інфармацыю аб месцы знаходжання навучэнцаў у перыяд канікул, уключаючы прозвішча, імя, імя па бацьку, ступень сваяцтва і кантактныя даныя асоб, з якімі дзіця знаходзіцца падчас канікул, піша БелТА.

Збіраць такую ​​інфармацыю школа можа толькі ў асобных выпадках, якія прапісаны ў законе. Напрыклад, пры прызнанні дзіцяці як таго, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Пры гэтым не ўдакладняецца, ці могуць школы збіраць даныя аб тым, як дзеці правялі канікулы, то-бок ужо постфактум. 

Nashaniva.com