Два чалавекі загінулі, 68 пацярпелі з-за наезду машыны на калядны кірмаш у Германіі. Падазраваны затрыманы
Прынамсі два чалавекі, адзін з якіх — дзіця, загінулі, 68 атрымалі раненні ў выніку наезду аўтамабіля на людзей на калядным кірмашы ў горадзе Магдэбургу на ўсходзе Германіі. Паводле папярэдняй версіі, наезд быў наўмысным, за рулём сядзеў выхадзец з Саудаўскай Аравіі, які жыве ў Германіі з 2006 года. Ён затрыманы, матывы яго атакі невядомыя, піша Бі-бі-сі.
21.12.2024 / 08:19
Фота: Ebrahim Noroozi / AP
Як паведаміў кіраўнік урада зямлі Саксонія-Анхальт Райнер Хазелоф, падазраваны ў наездзе — 50-гадовы мужчына, выхадзец з Саудаўскай Аравіі, доктар-псіхіятр. Ён прыехаў у Германію ў 2006 годзе вучыцца, пазней быў прызнаны бежанцам. У яго пастаянны дазвол на жыхарства ў краіне.
Паводле ўдакладненых звестак, якія прыводзяць улады Магдэбурга, у выніку наезду пацярпелі 68 чалавек, з іх 15 атрымалі цяжкія траўмы.
Па дадзеных агенцтва AFP, аўтамабіль, як мяркуецца чорны BMW, на вялікай хуткасці заехаў у натоўп і пранёсся скрозь яе яшчэ каля 400 метраў. Машына, верагодна, была арандаванай.
Відавочцы падзей распавялі Reuters, што праз высокую хуткасць, з якой рухалася машына, людзей літаральна адкідала ад яе.
Праваахоўнікі лічаць, што наезд быў наўмысным, падазраваны дзейнічаў у адзіночку. Выбухоўкі ў машыне не знойдзена. Зыходзячы з гэтага, следчыя мяркуюць, што небяспекі для жыхароў Магдэбурга пасля затрымання падазраванага больш няма, аднак месца здарэння і ранняй раніцай суботы заставалася ачэпленым.
Матыў атакі па-ранейшаму невядомы. Агенцтва dpa са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах паведамляе, што падазраваны не быў ісламістам.
Міністэрства замежных спраў Саудаўскай Арабіі асудзіла атаку, паведамляе Reuters.
Канцлер Олаф Шольц, як чакаецца, наведае Магдэбург у суботу. Ён выказаў спачуванне пацярпелым і сказаў, што яго думкі — з ахвярамі і іх блізкімі.
У лістападзе федэральны міністр унутраных спраў Нэнсі Фэзер папярэджвала, што калядныя кірмашы як патэнцыйныя мэты нападаў экстрэмістаў знаходзяцца пад асаблівым кантролем праваахоўнікаў, і заклікала іх наведвальнікаў быць пільнымі.
У чэрвені 2022 года аўтамабіль праехаў праз натоўп на адной з ажыўленых вуліц Берліна, пасля чаго ўрэзаўся ў краму касметыкі. Тады адзін чалавек загінуў і больш за 30 атрымалі раненні.
У 2016 годзе грузавік заехаў у людзей на калядным кірмашы ў цэнтры нямецкай сталіцы. За рулём быў Аніс Амры, выхадзец з Туніса, які атрымаў адмову ў наданні прытулку ў Германіі. Па версіі праваахоўнікаў, у яго былі кантакты з ісламістамі. Амры быў застрэлены паліцэйскімі пры спробе затрымання ў Італіі праз некалькі дзён. Ахвярамі трагедыі тады сталі 12 чалавек.