Ілан Маск выказаў падтрымку «Альтэрнатыве для Германіі»
Амерыканскі мільярдэр, кіраўнік кампаній Tesla і SpaceX Ілан Маск зрабіў заяву з нагоды выбараў у нямецкі Бундэстаг, якія маюць адбыцца неўзабаве, піша Bild.
20.12.2024 / 16:20
Ілан Маск (справа) з абраным прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Фота: Brandon Bell/Pool via AP, File
«Толькі АдГ можа выратаваць Германію», — напісаў Маск у сацыяльнай сетцы X, якая належыць яму самому. Гэта быў подпіс да рэпосту відэа прыхільніцы «Альтэрнатывы для Германіі» Наомі Зайбт, якая крытыкавала палітыку кандыдата ў канцлеры ад ХДС Фрыдрыха Мерца.
У прыватнасці, Зайбт сцвярджае, што «мэйнстрым-медыя» ўжо абвясцілі Мерца канцлерам, ігнаруючы існаванне «Альтэрнатывы для Германіі». Акрамя таго, яна рэзка выказалася пра лідараў «зялёных», назваўшы іх курс «экасацыялістычным нацыянальным самагубствам».
Кандыдат ад АдГ на пасаду канцлера Аліса Вайдэль аператыўна адрэагавала на пост Маска. Паводле яе слоў, Маск «дакладна бачыць, што адбываецца ў Германіі».
Яна таксама дадала спасылку на сваё інтэрв'ю для Bloomberg, у якім расказвае пра «савецкі Еўрапейскі Саюз» і сцвярджае, што «сацыялістка Меркель разбурыла нашу краіну».
Ілан Маск ужо не першы раз каментуе ўнутрыпалітычныя пытанні ў Германіі. Так, у верасні 2023 года ён раскрытыкаваў працу «светлафорнай кааліцыі», заявіўшы, што ўрад дзейнічае «насуперак волі народа». А пасля краху ўрадавай кааліцыі ў лістападзе гэтага года Маск назваў канцлера Олафа Шольца і міністра эканомікі Роберта Хабека «дурнямі».
Маск першым у гісторыі дасягнуў багацця звыш 400 мільярдаў даляраў
Ілан Маск вярнуў статус найбагацейшага чалавека ў свеце, пабіўшы ўласны рэкорд
«Пайшоў ты!» Першая лэдзі Бразіліі аблаяла Ілана Маска — той адказаў
Ілан Маск мог весці сакрэтныя размовы з Уладзімірам Пуціным