Падатковая злавіла ў Менску таксіста, які вазіў ад вакзала да Ждановічаў за 105 рублёў. Ён трапіў на 180 тысяч
Кіроўца праводзіў толькі 10% выручкі, а астатняе праводзіў, як зніжкі.
20.12.2024 / 13:19
Падатковая зацікавілася сталічным таксістам, які рабіў завышаныя тарыфы, аднак падаткі плаціў толькі з невялікай часткі заробленага.
На кіроўцу паскардзіліся пасажыры. Як распавялі ў інспекцыі Менску, таксіст браў ужо занадта шмат грошай за свае паслугі: адзін з кліентаў аддаў 105 рублёў за паездку ад чыгуначнага вакзала да Ждановічаў.
Падатковая праверка паказала, што таксіст афіцыйна праводзіў толькі 10% ад выручкі. Астатняе ён спісваў як зніжку. Падаткавікі падлічылі, што такіх зніжак таксіст спісаў на 180 000 рублёў. Іх прызнаюць схаванай ад падаткаабкладання выручкай.
Таксіст запэўніваў, што ўсе зніжкі рэальныя. Паводле яго слоў, ён даваў іх інвалідам, маламаёмасным і наогул усім, хто пасля заканчэння паездкі не мог расплаціцца па выніковых паказаннях таксометра. У пацверджанне сваіх слоў ён нават прад'явіў распрацаванае ім палажэнне аб зніжках. Але падаткавую гэта не пераканала.
На кіроўцу склалі пратакол паводле адміністрацыйнага артыкула аб парушэнні парадку прыёму сродкаў плацяжу пры рэалізацыі тавараў, работ або паслуг. Фізічным асобам па гэтым артыкуле пагражае штраф да 30 базавых (1200 рублёў), ІП — да 50 базавых (2000 рублёў), юрыдычным асобам — да 100 базавых (4000 рублёў).